У Польшчы цягам года прыбыла каля 100 тыс супрацоўнікаў з-за мяжы. Усяго ў краіне працуе 766 тыс іншаземцаў. Гэта афіцыйныя дадзеныя пра асоб, зарэгістраваных ва Упраўленні сацыяльнага страхавання. На самой справе іншаземцаў значна больш на польскім рынку працы – паведамляе Rzeczpospolita.
Вялікі рост колькасці замежных супрацоўнікаў у Польшчы за апошнія два кварталы 2020 года стаў вынікам адкрыцця межаў пасля перыяду першага закрыцця. Сярод іншаземцаў амаль 60%, былі працаўладкаваныя ў розных фірмах, 3% вялі ўласную прадпрымальніцкую дзейнасць, а астатнія падпадалі пад іншыя формы найму, напрыклад, па кантракце альбо ў выглядзе часовай працы.
Самую вялікую групу замежнікаў, 73,4%, складалі грамадзяне Украіны. У снежні 2020 года колькасць такіх супрацоўнікаў, легальна працаўладкаваных у Польшчы, склала 532 503 чалавекі, што азначае, што іх было на 11,1% больш, чым у канцы 2019 года.
На думку Себасцьяна Коцьвіна з арганізацыі прафсаюзаў OPZZ, на рынку можа назірацца замена польскіх працаўнікоў больш таннымі замежнікамі. Пра маштаб гэтай з'явы можна толькі здагадвацца, адсутнічаюць цвёрдыя дадзеныя. Таму Коцьвін адзначае, што ён звяртаўся ў Міністэрства развіцця, працы і тэхналогій з просьбай звярнуць увагу на гэтую трывожную тэндэнцыю.
На словы прафсаюзніка адказвае Моніка Федарчук з Канфедэрацыі працадаўцаў Левіятан. Яна адзначае, што замежнікі працуюць на тых жа ўмовах, што і палякі, таму аб іх замене не можа быць гаворкі. «Замежнікі працуюць у будаўнічай і вытворчай галінах, гэта значыць, там, дзе для працы патрэбныя рукі, якіх няма на мясцовых рынках. Перавагай замежнікаў зʼяўляюцца кваліфікацыя і высокая мабільнасць. Між тым, палякі неахвотна перамяшчаюцца паміж гарадамі і абласцямі», – дадае экспертка.
Рост занятасці замежнікаў зʼяўляецца адказам на дэмаграфічныя праблемы – на рынку працы ўсё менш маладых працаўнікоў-палякаў, паколькі польскае грамадства імкліва старэе.
нг