Памер шэрай зоны ў польскай эканоміцы ў 2020 годзе ацэньваецца ў 18-20 працэнтаў ВУП, паведамляюць аўтары справаздачы, падрыхтаванай Global Compact Network Poland. Гэта пятае выданне даследавання: «Супрацьдзеянне шэрай зоне ў Польшчы 2020/21». У яго прэзентацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства фінансаў.
Старшыня Савета і дырэктар Праграмы супрацьдзеяння шэрай зоне ў United Nations Global Compact Network Poland Лешак Вецех (Leszek Wieciech), высока ацаніў меры, рэалізаваныя ўрадам па скарачэнні шэрай зоны ў эканоміцы.
Эксперты звяртаюць увагу на некаторыя сістэмныя праблемы, напрыклад, на колькасць гадзін, якія сярэднестатыстычны прадпрымальнік у Польшчы павінен прысвяціць на бюракратыю, звязаную з выплатай ПДВ.
Паводле ацэнак, гэта 150 гадзін, то бок найбольш у Еўрапейскім Саюзе. Для параўнання, у 2015 годзе гэта было каля 90 гадзін:
- Гэта на многа больш, чым у іншых краінах. Напрыклад, у Эстоніі – гэта 15 гадзінаў, у Люксембургу – 20 гадзінаў, а ў Германіі – 40 гадзінаў. На жаль, гэта павялічвае рызыку пераходу прадпрымальнікаў у шэрую зону.
У сваю чаргу міністр фінансаў Тадэвуш Касцінскі(Tadeusz Kościński) нагадаў, што шэрая зона ў эканоміцы, гэта не толькі зніжэнне падатковых паступленняў, але і парушэнне прынцыпаў справядлівасці, сацыяльнай салідарнасці і здаровай канкурэнцыі паміж прадпрымальнікамі:
- Справаздача Global Compact – гэта адзін з інструментаў, якія дазваляюць нам змагацца з шэрай зонай. Прэзентаваныя ў ёй рэкамендацыі важныя, як для нас – рэгулятараў, так і грамадскай думкі. Справаздача дазваляе нам пазнаёміцца з ацэнкамі прадстаўнікоў розных галінаў эканомікі. Тым часам голас нашых кліентаў для нас заўсёды найважнейшы.
Міністр фінансаў падкрэсліў, што барацьба з шэрай зонай у эканоміцы застаецца асноўным кірункам дзейнасці міністэрства і Нацыянальнай падатковай адміністрацыі.
IAR/аз