Нямецкі індэкс DAX у пачатку сесіі знізіўся на 4,4 працэнта, французскі CAC 40 – на 4 працэнты, італьянскі FTSE MIB – больш чым на 2 працэнты. Польскі WIG 20 страціў нават больш за 8 працэнтаў. На Маскоўскай біржы адбыўся гіганцкі распродаж, дзе індэкс РТС упаў аж на 38 працэнтаў. Такім чынам рынкі адрэагавалі на расійскае ўварванне ва Украіну, піша выданне Rzeczpospolita.
Інвестары ўцяклі ў «бяспечныя прытулкі». Кошт унцыі золата вырас больш чым на 2 працэнты – да 1943 долараў ЗША, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам з 2013 года. Курс долара раніцай нават дасягнуў 4,16 злотых, а швейцарскага франка – 4,53 злотых. Даходнасць 10-гадовых аблігацый ЗША знізілася да 1,9%. Трацілі вартасць і крыптавалюты. Кошт біткойна раніцай упаў на цэлых 8%.
Уварванне ва Украіну выклікала рост коштаў на тавары. Нафта маркі Brent падаражэла да 103,6 долара за барэль. Больш чым на 5 працэнтаў вырасла пшаніца. Кошт прыроднага газу ў кантрактах на Амстэрдамскай біржы вырас больш чым на 40 працэнтаў.
ав