Сёлета Дзяржаўная кампанія па эксплуатацыі нафтаправодаў, PERN плануе выдаткаваць 700 мільёнаў злотых(149 мільёнаў еўра) на інвестыцыі і рамонт. Кампанія плануе, між іншым, павялічыць магутнасць паліўнага сховішча ў гарадку Дэмбагужэ(Dębogórze) ў Паморскім ваяводстве.
Старшыня PERN Павел Станьчык(Paweł Stańczyk) сказаў, што згаданая паліўная база – гэта польскае «акно ў свет»:
- Мы хочам, каб там узнік сапраўдны марскі хаб. Таму мы рэалізуем там шмат магутных інвестыцыяў. Напрыклад, будуем тры дадатковыя паліўныя сховішчы. Гаворка ідзе пра сховішчы ёмістасцю ў 50 тысяч кубаметраў. Гэта будуць найбуйнейшыя нашыя сховішчы.
Павел Станьчык дадаў, што гэта звязана з павелічэннем эфектыўнасці порта ў Гдыні, які будзе прымаць танкеры большай умяшчальнасці і танажу.
Станьчык дадаў, што ў «Нафтапорце» будзе пабудаваны дадатковы прычал для разгрузкі нафты з танкераў. Акрамя таго, PERN плануе ўвесці ў эксплуатацыю паліўны трубаправод «Баранаў-Тшэбіня», даўжынёй у амаль 100 кіламетраў.
Дзякуючы гэтым інвестыцыям павялічацца магчымасці пастаўкі нафтапрадуктаў, у тым ліку ў паўднёвую Польшчу. Акрамя таго, вядуцца работы, звязаныя з будаўніцтвам другой ніткі Паморскага нафтаправода.
IAR/аз