Беларуская Служба

Падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС у Польшчы ідзе поўным ходам

24.01.2023 17:30
Польшча мае намер пабудаваць тры атамныя станцыі.
Атомная электростанцияfoto:pixabay

Віцэ-прэм’ер, міністр дзяржаўнай маёмасці Яцэк Сасін падкрэсліў, што графік будаўніцтва і адкрыцця АЭС будзе вядомы пасля распрацоўкі інвестыцыйных пагадненняў з партнёрамі.

Цяпер ідзе праца над праектамі дзвюх электрастанцый: першая мае быць пабудаваная побач з морам у Хочэва ў супрацоўніцтве польскага ўраду з амерыканскай кампаніі Westinghouse, а другая – у Понтнаве (Pątnów) у цэнтральнай частцы краіны, яе пабудуюць дзве польскія энергетычныя кампаніі PGE і ZE PAK сумесна з карэйскай дзяржаўнай энергетычнай кампаніяй KHNP.

Віцэ-прэм'ер Сасін сустрэўся з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі і з карэйскім міністрам. Сасін паведаміў, што падпісанне дамовы паміж урадамі Польшчы і Карэі будзе магчымае ў сакавіку.

  - Мы рыхтуемся да стварэння кампаніі, якая стане партнёрам для карэйцаў. Пастаянна ідуць кансультацыі з карэйскім бокам. У Давосе я меў магчымасць сустрэцца з маім карэйскім калегам Лі Чанг Янам. Таксама адбылася кароткая сустрэча з прэзідэнтам Карэі, які падтрымлівае наш праект. Я спадзяюся, у сакавіку паміж урадамі Польшчы і Карэі будзе падпісаная дамоўленасць аб падтрымцы гэтай інвестыцыі.

 Хутка таксама ідзе праца і з амерыканцамі з Westinghouse.

Віцэ-прэмʼер Яцэк Сасін паведаміў, што ў бліжэйшыя месяцы, пасля выбару месца для трэцяй АЭС, будзе вядомы трэці падрадчык, які зоймецца будаўніцтвам гэтай электрастанцыі ў Польшчы.

Плануецца, што атамныя электрастанцыі пачнуць вырабляць электраэнергію праз 10-12 гадоў. Міністр Сасін дадаў, што акрамя вялікіх электрастанцый у Польшчы будзе развівацца сетка малых рэактараў SMR.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі