Беларуская Служба

Сустрэча на мяжы. Міністры Украіны і Польшчы паспрабуюць вырашыць праблему са збожжам

07.04.2023 14:39
У пятніцу Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Роберт Тэлюс сустракаецца з украінскім калегам Мікалаем Сольскім. Перамовы пройдуць на памежным пераходзе Дарагуск-Ягодзін Любельскага ваяводства. Міністры Украіны і Польшчы спрабуюць вырашыць праблему з пастаўкамі збожжа. 
Ktoś postanowił zrobić w cwaniacki sposób interes na ukraińskim zbożu - uważa Fogiel
"Ktoś postanowił zrobić w cwaniacki sposób interes na ukraińskim zbożu" - uważa FogielShutterstock/Octa corp

Сутнасць праблемы ў тым, што ў Польшчы фермеры патрабуюць ад уладаў вярнуць мыта на зерне з Украіны. Аграрыі адзначаюць, што ўкраінская прадукцыя, якая павінна была прайсці па транзіце праз Польшчу, асядае ў краіне і прадаецца па заніжаных коштах.

– Уначы было паседжанне Урадавай групы па кіраванні крызіснымі сітуацыямі. Прынялі рашэнне, што стан спраў мусіць быць прааналізаваны, трэба весці маніторынг. І пра гэта ж будзем гаварыць на спатканні з міністрам сельскай гаспадаркі Украіны, – заявіў міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Роберт Тэлюс.

Ён адзначыў, што трэба прыняць меры па першачарговасці транспарціроўкі ўкраінскага збожжа ў марскія парты.

«Калі мы зменім гэтыя прыярытэты, я спадзяюся, што мы зможам з гэтым справіцца», – сказаў міністр Роберт Тэлюс.

Дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Радаслаў Фогель заявіў, што гэтай тэмай будзе займацца кіруючая кааліцыя пад кіраўніцтвам новага міністра сельскай гаспадаркі Робэрта Тэлюса.

«Украінскае збожжа, на якім нехта вырашыў, скажам прама, па-хітраму заняцца бізнесам, – гэта праблема тут і цяпер, яна датычыцца асабліва тых, хто сам вырошчвае збожжа. Гэта яшчэ адна праблема, якую трэба вырашаць, і мы ад яе не ўцякаем», – сказаў дэпутат Радаслаў Фогель.

Папярэдні міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Генрык Кавальчык пайшоў у адстаўку з-за зерневага крызісу.

Закранаючы пытанне сельскай гаспадаркі, прэзідэнт Анджэй Дуда звярнуў увагу, што ў сувязі з вайной паўстала шмат праблемаў, і трэба прыняць меры па абодва бакі польска-ўкраінскай мяжы і ўзмацніць кантроль за патокамі збожжа з Украіны.

– Павялічыць кантроль над плынямі пастаўкі збожжа з Украіны, каб не даходзіла і на нашых тэрыторыях да цэнавых спекуляцый і нават дзеянняў, звязаных з парушэннем закона. Я размаўляў з прэзідэнтам Зяленскім на гэтую тэму, звярнуў яго ўвагу, што цяпер гэта праблема, праблема для нашых фермераў, і на будучыню мы павінны прыняць меры, – заявіў Анджэй Дуда.

У канцы 2022 года быў пік цэн на прадукты харчавання, з таго часу цэны ўпалі, але сёння яны застаюцца на больш высокім узроўні, чым год таму, да агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Пасля паведамленняў аб бескантрольным імпарце збожжа з Украіны, асабліва так званага «тэхнічнага», люблінскі ваявода загадаў правесці інспекцыі збожжавых складоў Любельскага ваяводства. Першыя праверкі паказалі парушэнні. Фермеры ладзяць акцыі пратэсту на польска-ўкраінскіх памежных пунктах пропуску.

Але тэма завозу на тэрыторыю Еўрасюза танных украінскіх прадуктаў харчавання турбуе не толькі Польшчу.

У пачатку красавіка прэм'ер-міністры Польшчы, Венгрыі, Румыніі і Славакіі, а таксама прэзідэнт Балгарыі накіравалі ліст старшыні Еўракамісіі, у якім запатрабавалі павялічыць фінансавую падтрымкі ЕС для сельгасвытворцаў, якія панеслі страты і рызыкуюць страціць ліквіднасць з-за прытоку ўкраінскай харчовай сыравіны ў Еўрасаюз. У лісце да Урсулы фон дэр Ляен падкрэсліваецца, што адбылося беспрэцэдэнтнае павелічэнне імпарту збожжавых, алейных культур, яек, мяса птушкі, цукру, яблычнага соку, чарніц, яблыкаў, мукі, мёду і макаронных вырабаў, і што фінансавая падтрымка можа дапамагчы прадаць украінскія лішкі за межамі ЕС. Палітыкі таксама звярнуліся да Еўрапейскай камісіі з просьбай аб фінансавай падтрымцы для хутчэйшага развіцця транспартнай інфраструктуры, партоў на Чорным моры і Дунаі і прыстасаванні памежных тэрміналаў для больш зручнага экспарту ўкраінскіх тавараў у іншыя краіны.

«Акрамя таго, мы заклікаем Еўракамісію прапанаваць агульнае рашэнне ЕС, якое ў супрацоўніцтве з Сусветнай харчовай праграмай (WFP) гарантавала б закупку ўкраінскага збожжа, каб яно не трапляла ў краіны-члены ЕС. Гэта дапамагло б падтрымліваць паток гандлю прадуктамі харчавання і змякчыць уплыў уварвання Расіі ва Украіну на трэція краіны», – гаворыцца ў лісце пяці краін да Еўракамісіі.

У выпадку няўдачы гэтай прапановы краіны папрасілі Еўрапейскую камісію аднавіць тарыфы і тарыфныя квоты на імпарт з Украіны.

IAR / PAP / вх