Беларуская Служба

Кампанія Siemens Gamesa паставіць турбіны для марскога ветрапарка Baltica 2

25.04.2023 08:04
Магутны ветрапарк будзе размешчаны ў Балтыйскім моры каля 30 кіламетраў ад узбярэжжа, на вышыні гарадкоў Устка і Лэба.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPhoto:Ben_Kerckx /pixabay.com/CC0 Public Domain

Адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў ветрагенератараў кампанія Siemens Gamesa паставіць 107 турбін для марскога  Baltica 2. Кантракт з іспанска-нямецкай кампаніяй падпісалі польская група PGE і дацкая кампанія Orsted.

Baltica 2 – гэта найбуйнейшы энергетычны праект у Польшчы, заснаваны на аднаўляльных крыніцах энергіі. Агульная магутнасць усіх турбін павінна скласці каля 1,5 ГВт. Ветрапарк будзе вырабляць экалагічную электраэнергію для задавальнення патрэб прыкладна 2,4 мільёна польскіх хатніх гаспадарак.

Старшыня Польскай асацыяцыі ветраэнергетыкі Януш Гаявецкі (Janusz Gajowiecki) сказаў, што праграма развіцця польскай ветраэнергетыкі ў Балтыйскім моры, безумоўна, рухаецца наперад:

- У выніку падпісанай зараз дамовы хатнія гаспадаркі павінны атрымаць першую электраэнергію ў 2027 годзе, то бок праз чатыры гады. Ветрапарк павінен пастаўляць каля 10 працэнтаў энергіі, якая выкарыстоўваецца ў Польшчы. Калі гаворка ідзе пра інвестыцыйныя выдаткі – гэта найбуйнейшы за апошнія гады праект у Польшчы.

Януш Гаявецкі дадаў, што разам з развіццём афшорнай ветраэнергетыкі паўстае новая галіна прамысловасці:

- Гэта кампаненты і заводы, якія ўзнікнуць у Польшчы, каб іх выпускаць. Гэта таксама мясцовая лагістыка. Гаворка ідзе пра тое, каб згаданыя кампаненты вытвараць як мага бліжэй ветрапарка.

Найбуйнейшы вытворца і пастаўшчык электраэнергіі ў Польшчы група PGE і сусветны лідар марской ветраэнергетыкі дацкая кампанія Orsted запэўніваюць, што праект Baltica 2 будзе запушчаны да канца 2027 года. Марскі ветрапарк будзе размешчаны ў Балтыйскім моры каля 30 кіламетраў ад узбярэжжа на вышыні Усткі і Лэбы.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Польшча абнавіла сваю энергетычную палітыку

04.04.2023 08:57
Улады плануюць, што ў 2030 годзе 50 гігават энергіі будзе паходзіць з аднаўляльных крыніцаў.