Беларуская Служба

Касмічныя тэхналогіі паспяхова выкарыстоўваюцца ў арміі

26.10.2023 10:31
Прыкладам гэтага, паводле адмыслоўцаў, з’яўляецца выкарыстанне назіральных спадарожнікаў падчас вайны супраць Украіны.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/pedrosek

Касмічныя тэхналогіі шырока выкарыстоўваюцца ў войску, пацвердзілі ўдзельнікі адной з дэбатаў падчас канферэнцыі «Сучасныя тэхналогіі для ўнутранай бяспекі 2023» у Варшаве.

Віцэ-старшыня Польскага касмічнага агенцтва (POLSA) Міхал Вярціньскі (Michał Wierciński) нагадаў, што асаблівае значэнне для сучасных армій маюць назіральныя спадарожнікі:

- Назіранне за зямным шарам у мэтах бяспекі і абароны сёння мае вырашальнае значэнне. Гэта паказаў прыклад Украіны. Праз некалькі тыдняў пасля расійскай агрэсіі ўкраінскі бок выкарыстоўваў звесткі больш чым некалькіх дзясяткаў назіральных спадарожнікаў розных краінаў.

Міхал Вярціньскі дадаў, што польскія кампаніі і даследчыя цэнтры ўжо некалькі гадоў працуюць над стварэннем сучаснага, лёгкага назіральнага мікраспадарожніка, вагой усяго ў некалькі дзясяткаў кілаграмаў. Гаворка ідзе пра платформу ўніверсальнага характару:

- Гэта азначае, што яна павінна быць гатовая да выканання назіральных місій, як з выкарыстаннем аптычных датчыкаў, так і радараў. Гэта праекты, якія зараз ажыццяўляюцца. Першы тэст польскага мікраспадарожніка, то бок вынясенне на арбіту, плануецца правесці ў сярэдзіне наступнага года.

Распрацоўка польскага мікраспадарожніка фінансуецца Нацыянальным цэнтрам даследаванняў і распрацовак, але польскія вайскоўцы дасканала разумеюць патэнцыйныя магчымасці выкарыстання такога інструмента.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка