Завяршэнне пашырэння ЗПГ-тэрмінала ў Свінауйсці – гэта галоўная інвестыцыйная мэта кампаніі Gaz-System у 2024 годзе. Паводле аператара сістэмы транспарту газавага паліва ў краіне, гэта дазволіць пастаўляць у Польшчу больш за 8 мільярдаў кубаметраў газу ў год.
Нагадваем, бягучая рэгазіфікацыйна магутнасць тэрмінала складае больш за 6 мільярдаў кубаметраў у год.
Дзяржаўная кампанія Gaz-System адказвае за транспарт прыроднага газу, кіруе найважнейшымі газаправодамі ў Польшчы, з'яўляецца ўладальнікам і аператарам ЗПГ-тэрмінала ў Свінауйсці.
Адной з важнейшых задач 2024 года аператар назваў таксама будаўніцтва плывучага тэрмінала(Floating Storage Regasification Unit) ў Гданьскім заліве з магутнасцю рэгазіфікацыі ў больш за 6 мільярдаў кубаметраў газу ў год.
Сёлета плануецца таксама працягваць праектныя работы па будаўніцтве газаправода працягласцю ў 250 кіламетраў, які павінен забяспечыць транспарт газу з раёна Гданьска ў цэнтральную Польшчу і далей. Паводле Gaz-System, інвестыцыю плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2027/2028 гадах.
Аператар таксама звярнуў увагу на інвестыцыі ў рамках плана злучэння Нацыянальнай транспартнай сістэмы з Сістэмай транзітных газаправодаў, што дазволіць павялічыць патэнцыял нацыянальнай сістэмы і ўключыць у яе інфраструктуру, якая да гэтага часу выкарыстоўвалася толькі для транзіту паліва праз тэрыторыю Польшчы.
Нагадваем, Сістэма транзітных газаправодаў на тэрыторыі Польшчы зʼяўляецца часткай газаправода «Ямал-Еўропа» працягласцю ў каля 4 000 кіламетраў, па якім да канца красавіка 2022 года расійскі газ пастаўляўся ў Польшчу і Заходнюю Еўропу.
аз