Беларуская Служба

Статыстычнае ўпраўленне паведаміла, колькі беларусаў легальна працуе ў Польшчы

11.04.2024 15:39
Нацыянальны склад працаўладкаваных у Польшчы замежнікаў вельмі разнастайны – яны паходзяць з больш чым 150 краін.  
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы на ​​канец кастрычніка 2023 года лічба занятых у эканоміцы замежнікаў складала 6,6% ад агульнага ліку працаўладкаваных, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне краіны. Так, паводле дадзеных на другі асенні месяц мінулага года ў Польшчы афіцыйна працавалі 1 млн 13 тыс. 300 іншаземцаў. Сярод іх 395 тыс. 200 чалавек - на дамовах падраду. Калі гаварыць пра нацыянальны склад замежнікаў, працаўладкаваных у Польшчы, то яны паходзілі з больш чым 150 краін свету. 

У параўнанні са студзенем 2022 года ў кастрычніку 2023 года колькасць працаўладкаваных у Польшчы іншаземцаў вырасла на 1,4%. Большасць працуючых замежнікаў – гэта мужчыны. Аднак іх лічба знізілася з 64,7% у канцы студзеня 2022 года да 59,3% у канцы кастрычніка 2023 года. 

Найбольшую групу іншаземцаў, якія легальна працуюць у Польшчы, складаюць грамадзяне Украіны. У кастрычніку 2023 года ў Польшчы працавалі 697 тыс. 900 украінцаў.   

Наступныя па колькасці на польскім рынку працы - грамадзяне Беларусі, якія складаюць 11,5% ад агульнай колькасці замежных грамадзян, працаўладкаваных у Польшчы. Наступнымі ідуць грамадзяне Грузіі (2,7%), Індыі (1,8%) і Малдовы (1,4%).

вс