Беларуская Служба

Палякі правяраюць сістэму, ці сапраўды грошы з PPK можна зняць у любы момант

15.05.2024 15:07
Планы фінансавага забеспячэння супрацоўнікаў былі ўведзеныя дзеля павелічэння зберажэнняў, якія можна будзе выкарыстаць на пенсіі.
Pracownicze Plany Kapitałowe to dobrowolny system długoterminowego oszczędzania
Pracownicze Plany Kapitałowe to dobrowolny system długoterminowego oszczędzaniaShutterstock/Kamil Zajaczkowski

Палякі масава здымаюць грошы з рахункаў, прызначаных на пенсію – чытаем на сайце Forsal.pl. Праграма PPK (Pracownicze Plany Kapitałowe - Планы фінансавага забеспячэння супрацоўнікаў) была ўведзеная ў 2019 годзе дзеля павелічэння зберажэнняў, якія можна будзе выкарыстаць на пенсіі. Частку сродкаў уносіць працаўнік, частку – наймальнік, ёсць таксама бонусы ад дзяржавы. Аднак аказваецца, што людзям больш патрэбныя грошы на дадзены момант. Летась з PPK было выплачана больш за 1,5 мільярда злотых. Гэта ў тры разы больш, чым у 2022 годзе.

Праграма была распрацаваная так, каб давала больш бонусаў асобам, якія сістэматычна адкладаюць сродкі. Зняўшы грошы пасля дасягнення пенсійнага ўзросту (60 гадоў для жанчын і 65 для мужчын), уладальнік атрымлівае ўсё - як уласныя ўзносы, так і ўзносы працадаўцаў і бонусы ад дзяржавы. Аднак некаторыя людзі разглядаюць праграму як інвестыцыю. Гэта звязана з тым, што грошы з PPK можна зняць з рахунку ў любы момант, да дасягнення пенсійнага ўзросту. Праўда, частка сродкаў, сабраных на рахунку, губляецца.

Прымаючы рашэнне скарыстацца сабранымі грашыма, некаторыя людзі правяраюць сістэму, ці сапраўды грошы можна зняць у любы момант. Жыхары Польшчы памятаюць, што здарылася з Адкрытымі пенсійнымі фондамі (OFE – Otwarte Fundusze Emerytalne. Сродкі, сабраныя ў фондах, былі ў значнай ступені нацыяналізаваныя ўладамі, каб палепшыць стан дзяржаўных фінансаў – рэд.). Аднак грошы, якія трапляюць на рахунак у PPK, з'яўляюцца цалкам прыватнымі, гэта значыць, іх кантралюе ўладальнік.

нг