Беларуская Служба

У Польшчы вырас мінімальны заробак і пагадзінная стаўка

02.07.2024 08:10
Сёлета гэта ўжо другое павышэнне мінімалкі ў краіне.
Здымак мае ілюстрацыйны характарe-gabi/pixabay.com/CC0 Public Domain

З 1 ліпеня мінімальны заробак у Польшчы вырас да 4 300 злотых з улікам падаткаў і збораў (гэта больш за 1 002 еўра), а пагадзінная стаўка да 28,10 злотых, то бок да больш за 6,5 еўра.

Гэта ўжо другое сёлета павышэнне мінімалкі, якая са студзеня складала 4 242 злотых (амаль 989 еўра) і пагадзіннай стаўкі, якая да ліпеня складала – 27,70 злотых (больш за 6,45 еўра).

Разам з мінімальнай заработнай платай вырастуць і іншыя выплаты, якія налічваюцца на яе аснове, у тым ліку: дадатковыя стаўка за працу ў начны час або дапамога пры групавым звальненні.

У сярэдзіне чэрвеня ўрад пастанавіў, што з 1 студзеня 2025 года мінімальны заробак вырасце больш чым на 320 злотых, то бок да 4 626 злотых з улікам падаткаў і збораў, а мінімальная пагадзінная стаўка – да 30,20 злотых. Гэта рост на 7,6 працэнта.

Расце і сярэдні заробак у краіне. Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у першым квартале бягучага года ён склаў 8 147 злотых (1 899 еўра) і быў на 14,4 працэнта большы ў параўнанні з першым кварталам 2023 года.

Пры гэтым інфляцыя тады склала 2,8 працэнта, а ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя, паводле Міністэрства па справах сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі, на канец траўня склаў 5 працэнтаў, то бок на 0,1 працэнта менш, чым у красавіку. Такім чынам, без працы заставаліся 778 тысяч 300 чалавек і гэта сама нізкая колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у краіне з 1990 года.

Таксама паводле дадзеных Еўрастата, у красавіку 2024 года Польшча заняла другое месца па самым нізкім узроўні беспрацоўя (3 працэнты) ў еўрапейскай супольнасці – пасля Чэхіі (2,7 працэнта).

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

У траўні рознічны тавараабарот у Польшчы вырас на 5 працэнтаў

25.06.2024 08:01
З пачатку года ў краіне фіксуецца рост выдаткаў на паслугі за кошт змяншэння закупак тавараў.