Беларуская Служба

У Польшчы выразна даражэюць паслугі

16.07.2024 16:18
Паводле эканамістаў, гэта, перш за ўсё, вынік росту коштаў працы.
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

У чэрвені спажывецкія тавары і паслугі ў Польшчы падаражэлі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 2,6 працэнта. Такія звесткі апублікавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне. Паводле іх, у гадавым вымярэнні больш за ўсё падаражэлі паслугі – больш як на 6 працэнтаў. Эканаміст Santander Bank Polska Марцін Люзіньскі(Marcin Luziński) паясняе, што то гэта звязана з падвышэннем коштаў працы:

- У сферы паслугаў галоўную ролю, калі гаворка ідзе пра кошт працы, адыгрываюць зарплаты. Зараз іх рост у прамысловасці павышаецца двухзначнымі тэмпамі і, хутчэй за ўсё, такая тэндэнцыя, будзе назірацца цягам бліжэйшых месяцаў. Гэта, у сваю чаргу, уплывае на ўтрыманне высокіх коштаў паслугаў. Праўда, яны таксама павольна паніжаюцца, але гэта не адбываецца настолькі хутка, як у выпадку цаны тавараў.

Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у чэрвені тавары падаражэлі на 1,3 працэнта. Аднак паводле Марціна Люзіньскага, у бліжэйшыя месяцы тэмпы росту іх коштаў будуць паскарацца:

- Ужо ў ліпені ўзровень інфляцыі можа перавысіць 4 працэнты. Гаворка ідзе пра даволі выразны рост – на каля 1,5 працэнта. Перш за ўсё, гэта будзе вынікам змены цэнаў энергіі пасля адмены «антыінфляцыйнага шчыта» і росту рахункаў за электраэнергію і газ. У выніку, можна чакаць росту інфляцыі.

Паводле прагнозаў Нацбанка Польшчы, пасля чаканага падвышэння інфляцыя вернецца да цяперашняга ўзроўню прыкладна праз два гады.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі