Беларуская Служба

Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю скарачае сетку замежных прадстаўніцтваў

17.07.2024 12:30
Апошнім часам Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю не падоўжыла кантрактаў кіраўнікам і супрацоўнікам некалькіх офісаў.
ЭкспартPhoto: echosystem/pixabay.com/CC0 Public Domain

Колькасць супрацоўнікаў Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, якія дапамагаюць польскім прадпрымальнікам за мяжой, скарацілася, таму што агенцтва не можа дазволіць сабе ўтрымліваць замежныя прадстаўніцтвы. Адначасова павялічваецца колькасць супрацоўнікаў у сядзібе і нацыянальных аддзяленнях агенцтва, паведамляе Puls Biznesu.

Газета нагадвае, што офісы знешняга гандлю пры Польскім агенцтве інвестыцый і гандлю былі створаны ў 2017 годзе, каб палегчыць польскім кампаніям заключэнне кантрактаў і інвеставанне за мяжой. У 2019 годзе іх было 70, сёння – 55. У іх працуе 127 чалавек, то бок выпадае крыху больш за дзве асобы на адзін офіс. Гэта няшмат, тым больш, што з 2021 года колькасць супрацоўнікаў ва ўсім агенцтве павялічылася з 324 да 437 чалавек.

Апошнім часам Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю не падоўжыла дамоваў кіраўнікам і супрацоўнікам некалькіх офісаў. Гэта адбылося, між іншым, у мінулым годзе ў Дубаі, а сёлета ў Грузіі, Егіпце і Германіі. Некаторыя кіраўнікі, напрыклад, кіраўнік кіеўскага офіса, былі знятыя з пасады, а сенегальскі офіс – зачынены.

«Пасля адкрыцця сенегальскага офіса экспарт з Польшчы павялічыўся ў тры разы. У гэтай краіне рост ВУП склаў 7,5 працэнта, на апошнім тыдні пачалі здабываць першыя барэлі нафты. Інвестуюць еўрапейцы, японцы, індыйцы, кітайцы, усе, акрамя палякаў. У нас быў праект па вырошчванні пшаніцы, якую сёння імпартуе Сенегал, на жаль, праваліўся, таму што офіс быў зачынены», – кажа яго былы кіраўнік Лешак Бялы.

У сваю чаргу былы старшыня Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю Кшыштаф Дрында, які зараз працуе ў кансалтынгавай кампаніі Tias, тлумачыць, чаму закрываюцца замежныя прадстаўніцтвы агенцтва.

«Калі рыхтавалася рэформа Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, фінансаванне было прадугледжана для 34 знешнегандлёвых прадстаўніцтваў. Між тым былі адкрытыя 70. Гэта была першапачатковая памылка, з якой ведамства не справілася да гэтага часу«, – кажа Кшыштаф Дрында.

аз