Сітуацыя на польскім рынку працы вельмі добрая, нягледзячы на невялікі рост беспрацоўя ў ліпені. Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у ліпені ўзровень беспрацоўя складаў 5 працэнтаў, а ў чэрвені - 4,9 працэнта.
Себасцьян Сайнуг (Sebastian Sajnóg) з Польскага эканамічнага інстытута нагадвае, што гэтыя паказчыкі супадаюць з папярэднімі ацэнкамі:
- Зафіксаваны нязначны, хоць сапраўды незвычайны, як на ліпень рост беспрацоўя, у прыватнасці на 3 тысячы чалавек. Тым не менш, колькасць беспрацоўных надалей на 17 тысяч чалавек меншая, чым у ліпені мінулага года.
Эканамістка PKO Bank Polski Уршуля Крыньска(Urszula Kryńska) паведаміла, што рост колькасці беспрацоўных быў зафіксаваны ў канкрэтнай катэгорыі супрацоўнікаў:
- Адзіная катэгорыя, у якой фіксуецца рост, у прыватнасці на 3 працэнты ў гадавым вылічэнні, гэта катэгорыя выпускнікоў. Падсумоўваючы, зараз выпускнікам крыху цяжэй знайсці працу на рынку ў Польшчы, чым год таму.
Тым не менш, сітуацыя на рынку працы ў Польшчы надалей вельмі добрая, запэўнівае эканамістка:
- Калі мы падрабязна прааналізуем дадзеныя, то там няма ніякіх прыкмет таго, што кампаніі звальняюць супрацоўнікаў. Колькасць супрацоўнікаў звольненых па прычынах працадаўцаў надалей меншая, чым год таму.
У сваю чаргу Себасцьян Сайнуг лічыць, што ў бліжэйшыя месяцы змены на рынку працы будуць у асноўным вынікам сезонных фактараў:
- Тым не менш попыт на супрацоўнікаў пастаянна расце, а павышэнне эканамічнай актыўнасці будзе замацоўваць гэтую тэндэнцыю.
Польшча застаецца краінай з адным з самых нізкіх узроўняў беспрацоўя ў Еўрасаюзе. Паводле Еўрастата, у чэрвені ўзровень беспрацоўя ў краіне склаў 3 працэнты. Дзеля параўнання ў Еўрасаюзе - гэта 6 працэнтаў, а ў еўразоне - 6,5 працэнта.
Такім чынам, Польшча заняла другое месца па самым нізкім узроўні беспрацоўя ў ЕС пасля Чэхіі (2,7 працэнта).
IAR/аз