Беларуская Служба

Улады анансуюць змены на рынку кароткатэрміновай арэнды жылля ў Польшчы

08.10.2024 11:30
Жыллё не павінна быць крыніцай хуткага заробку, але месцам бяспечнага пражывання, пераконваюць яны.
.
Кватэра. Здымак мае ілюстрацыйны характарjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ліцэнзіі, часовыя абмежаванні, ліміты, а таксама больш высокія стаўкі падатку - так можа выглядаць рынак кароткатэрміновай арэнды жылля ў Польшчы. Пачатак працы над зменамі абвясціла кіраўнічка Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі.

Жыллё не павінна быць крыніцай хуткага заробку, але месцам бяспечнага пражывання, пераконвала Катажына Пэлчыньска-Налэнч(Katarzyna Pełczyńska-Nałęcz), яна таксама звярнула ўвагу на супярэчнасць інтарэсаў уладальнікаў кватэраў:

- З аднаго боку мы маем справу з уладальнікамі кватэраў, прызначаных для кароткатэрміновай арэнды, а з другога суседзямі-уладалінікамі кватэраў, якія з’яўляюцца іхным месцам пражывання, то бок не з’яўляюцца крыніцай бізнесу. Гэта сутыкненне мэтаў і функцый кватэраў.

Эксперт рынку нерухомасці Барташ Турэк(Bartosz Turek) называе тры спосабы на рэгуляцыю кароткатэрміновай арэнды:

- Па-першае, ліцэнзіі, каб было вядома, хто арандуе кватэру на кароткі тэрмін і каб гэтыя асобы не ўхіляліся ад выплаты падаткаў. Па-другое, сертыфікаты, то бок дазволы на кароткатэрміновую арэнду для акрэсленай колькасці людзей. Гэта таксама часовыя абмежаванні, датычныя колькасці дзён у годзе, калі дадзеную нерухомасць можна арандаваць.

Эксперт Польскай федэрацыі рынку нерухомасці Войцех Куц(Wojciech Kuc) звяртае ўвагу на адмоўныя бакі арэнднага бізнесу. Гаворка ідзе пра тое, што арандатары часта не паважаюць чужую ўласнасць:

- Уладальнікі кватэраў і супольнасці прымушаны прызначаць на ўтрыманне будынкаў большыя сродкі, бо ў іх часта здараюцца выпадкі нішчэння ліфтаў, фасадаў, месцаў агульнага карыстання.

У сваю чаргу Польская асацыяцыя кароткатэрміновай арэнды абвяргае абвінавачванні міністэрства. Старшыня асацыяцыі Гжэгаж Жураўскі(Grzegorz Żurawski) звяртае ўвагу на іншую праблему:

- Сапраўдная праблема, гэта тое, што зараз каля 60% рынку кароткатэрнімовай арэнды ў Польшчы, гэта „ценявая зона”, то бок прыватныя асобы, якія не плацяць падатку ад атрыманых такім чынам даходаў.

Найбольшымі рынкамі кароткатэрміновай арэнды кватэраў могуць пахваліцца Францыя, Іспанія і Італія

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Цэны на кватэры ў Польшчы ляцяць угару. На двухпакаёўку ў Варшаве трэба адкладаць восем гадоў

08.10.2024 11:06
На кватэру плошчай 55 квадратных метраў жыхар Варшавы мусіць адкласці 92 сярэднія польскія заробкі.