Беларуская Служба

Забастоўка на нямецкіх заводах Volkswagen. Рабочыя змагаюцца за заробкі

06.12.2024 10:11
Германія змагаецца з чарговай хваляй сацыяльнай незадаволенасці.
Ілюстрацыяtookapic/pixabay.com/CC0

Кіраўніцтва канцэрна Volkswagen плануе знізіць заробкі нямецкіх працоўных больш чым на 10 працэнтаў, што выклікала масавыя пратэсты. Між тым, у цяперашні час VW прапануе адну з самых высокіх зарплат у аўтамабільнай прамысловасці, піша эканамічны партал money.pl.

Супрацоўнікі дзевяці з дзесяці нямецкіх заводаў Volkswagen абвясцілі папераджальны страйк. Яны пратэстуюць супраць планаў скарачэння занятасці і заробкаў. Кампанія знаходзіцца ў самым сур'ёзным крызісе з 1990-х гадоў.

Эксперт аўтамабільнай прамысловасці з Цэнтра аўтамабільнага кіравання ў Бергіш-Гладбаху Стэфан Братцэль у інтэрв'ю парталу ntv.de адзначае, што вытворчыя выдаткі на нямецкіх заводах на 50% вышэйшыя, чым у іншых месцах Еўропы. Гэтая сітуацыя патрабуе тэрміновых дзеянняў, таму што кампанія страціла ранейшыя канкурэнтныя перавагі.

Дырэктар Олівер Блюм абвясціў аб радыкальным скарачэнні выдаткаў на нямецкіх заводах. Каля 120 тысячам рабочых у Германіі запрапанавалі пагадзіцца на скарачэнне заробкаў, а не на традыцыйнае павелічэнне заробкаў у рамках перамоў па тарыфах.

Па дадзеных працоўнай рады, большасць вытворчых работнікаў у цяперашні час зарабляюць ад 3900 да 4300 еўра брута ў месяц. Выпускнікі бакалаўрыяту пачынаюць працаваць з заробку ў 5300 еўра, а магістратуры — з 5600 еўра. Магістры атрымліваюць прыкладна 5950 еўра з магчымасцю большага заробку з большай адказнасцю.

Акрамя таго, кожны супрацоўнік атрымлівае штомесячную дапамогу ў памеры 170 еўра і гадавы бонус. У апошнія гады сярэдняя гадавая прэмія складала каля 4360 еўра. Летась яна вырасла да больш за 4730 еўра.

Вытворчы работнік са стандартнай зарплатай каля 4100 еўра ў мінулым годзе атрымаў агульны гадавы даход у 56 000 еўра брута.

Для параўнання, паводле звестак Федэральнага статыстычнага ведамства, у мінулым годзе сярэдні валавы заробак ва ўсіх галінах прамысловасці Германіі склаў каля 4500 еўра.

money.pl/ав