За год продажы легкавых аўтамабіляў кітайскіх марак у Польшчы выраслі амаль у 70 разоў. Палякі набылі ў 2024 годзе больш кітайскіх аўтамабіляў, чым «Сітрaэнаў» і «Фiaтаў» разам узятых, паведамляе Rzeczpospolita.
Продажы кітайскіх легкавых аўтамабіляў у Польшчы дынамічна растуць. Паводле звестак Асацыяцыі польскай аўтамабільнай прамысловасці, у 2023 годзе ў Польшчы было зарэгістравана 168 новых легкавых аўтамабіляў кітайскай вытворчасці, але ў 2024 годзе... амаль 11 тысяч (10,7 тысячы).
Як чытаем, продажы кітайскіх аўтамабіляў у студзені 2025 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў 11 разоў перавышаюць паказчыкі са студзеня 2024 года.
Дзякуючы якасці, усё большаму тэхналагічнаму прагрэсу і прывабным коштам доля аўтамабіляў, вырабленых у Кітаі, на польскім рынку будзе павялічвацца.
У мінулым годзе ў Польшчы была зарэгістраваная найбольшая колькасць аўтамабіляў з бензінавымі рухавікамі — амаль 9,2 тысячы, што склала амаль 86 працэнтаў усіх продажаў аўтамабіляў з Кітая. Згаданы факт супярэчыць распаўсюджанаму меркаванню аб тым, што большасць аўтамабіляў, набытых у Кітаі, гэта электрамабілі.
Паводле экспертаў, можна чакаць, што слабы попыт на акумулятарныя аўтамабілі, як у Польшчы, так і ва ўсёй Еўропе, заахвоціць кітайскіх вытворцаў пашыраць прапанову бензінавых аўтамабіляў і гібрыдаў.
Чакаецца, што перспектыўнай для кітайскіх брэндаў стане сфера лізінгу і доўгатэрміновай арэнды аўтамабіляў, паведамляе Rzeczpospolita.
аз