Польская нацыянальная авіякампанія LOT падпісала найбуйнейшы ў гісторыі кантракт. За 11 млрд долараў яна набудзе 84 рэгіянальныя самалёты A220 вытворчасці еўрапейскага канцэрну Airbus. За кантракт змагаліся некалькі вытворцаў, бо польскі LOT – перспектыўная авіякампанія, якая з году ў год перавозіць усё больш пасажыраў.
Атрымаць польскі кантракт стараліся еўрапейскі канцэрн Airbus, бразільскі Embraer і амерыканскі Boeing. Амерыканцы хутка выпалі з гонкі, нягледзячы на тое, што самалёты Boeing LOT эксплуатуе з пачатку 1990-х гадоў. У прыватнасці, таму, што ў польскай авіякампаніі – праблемы з атрыманнем па віне вытворцы лайнераў Boeinga 737 Max 8 і з рухавікамі ў шырокафюзеляжных Boeing 787 Dreamliner. З-за таго, што частка польскіх Boeing 787 не лётала, LOT быў прымушаны браць у лізінг самалёты разам з экіпажамі ў іншых авіякампаній для дальнемагістральных палётаў, што стварала дадатковыя фінансавыя кошты. Акрамя таго, на фоне канкурэнтаў Boeing 737, нягледзячы на пастаянную мадэрнізацыю, не з’яўляецца самым сучасным самалётам.
Такім чынам, на полю боя засталіся Airbus і Embraer. Бразільскі вытворца рэгіянальных самалётаў добра вядомы ў Польшчы, бо LOT эксплуатуе і эксплуатаваў лайнеры розных мадыфікацый з Лацінскай Амерыкі з 1999 года. Актуальна ў парку польскіх авіялініяй – самалёты амерыканскай і бразільскай вытворчасці. Такім чынам, лайнеры, вырабленыя на канадскім заводзе еўрапейскага канцэрну, стануць першымі самалётамі Airbus у паветраным флоце нацыянальнай авіякампаніі Польшчы.
Кантракт быў падпісаны на авіясалоне Paris Air Show у Ле-Буржэ.
Першапачаткова аглядальнікі лічылі, што кіраўніцтва LOT паставіць на праверанага вытворцу, з якім супрацоўнічае дзясяткі гадоў. Аднак пазней стала вядома, што фаварытам тэндарнай гонкі становіцца Airbus.
Прадстаўнік парталу Fly For Free Мар’юш Пятроўскі мяркуе, што для пэўнага кола адмыслоўцаў выбар LOT-у можа быць сюрпрызам, бо пераход на новыя паветраныя судны патрабуе ад авіякампаніі некаторых крокаў.
- Спачатку здавалася, што перавага знаходзіцца на баку Embraer-а, бо ў тэндары ключавую ролю маглі адыграць пытанні кошту. Embraer вядомы ўжо ў Польшчы, а пакупка Airbus-аў LOT-ам – гэта свайго роду рэвалюцыя, звязаная, у прыватнасці, з падрыхтоўкай новых экіпажаў.
Французскі вытворца хваліў свае самалёты тым, што яны больш сучасныя і эканомныя, а таксама абяцаў узамен інвестыцыі ў польскую авіяцыйную прамысловасць. У Польшчы Airbus мае два заводы – у Варшаве і Лодзі, – дзе выпускаюцца кампаненты грамадзянскіх і вайсковых самалётаў ды верталётаў. Акрамя таго, не выключаецца, што Польшча атрымае акцыі канцэрну Airbus, таму што кампанія, нягледзячы на тое, што асноўныя вытворчыя магутнасці знаходзяцца ў Францыі, з’яўляецца кансорцыумам еўрапейскіх авіябудаўнічых фірмаў.
Спецыялісты ў галіне грамадзянскай авіяцыі пазітыўна ацэньваюць выбар LOT-у. Галоўны рэдактар парталу Rynek Lotniczy Лукаш Маліноўскі мяркуе, што дзякуючы самалётам Airbus парк авіякампаніі стане значна маладзейшым.
- Новыя самалёты – гэта не толькі новыя маршруты, але і ашчаднасць для кампаніі, у прыватнасці, з-за таго, што ім патрэбна менш паліва. Варта зазначыць, што частка парку LOT – не самая новая, і працэс замены самалётаў на навейшыя мадэлі проста неабходны.
Першыя замоўленыя самалёты будуць пастаўленыя польскай авіякампаніі ў 2027 годзе.
Лукаш Маліноўскі таксама звяртае ўвагу на новыя магчымасці авіяліній, якія адкрыюцца ў момант паступлення A220.
- LOT пакуль што не пачаў лётаць у аэрапорты, у якія планаваў, у прыватнасці, з-за адсутнасці дастатковай лічбы самалётаў. Пасля таго, як кампанія атрымае новыя лайнеры, можна будзе пачынаць новыя рэйсы, якія раней былі ў планах.
Прэс-сакратар авіякампаніі LOT Кшыштаф Мачульскі паведаміў, што кантракт на пастаўку самалётаў прадугледжвае падтрымку з боку вытворцы.
- Кантракт ахоплівае ў тым ліку падрыхтоўку пілотаў: у Польшчы будзе створаны цэнтр сімуляцый, дзе нашы пілоты пройдуць перападрыхтоўку. Акрамя таго, Airbus дапаможа нам у эксплуатацыі лайнераў і стварэнні сэрвіснага цэнтру.
LOT падпісаў цвёрды кантракт з еўрапейскім авіяканцэрнам Airbus на пакупку 40 самалётаў тыпу A220-100 і A220-300 і апцыён на 44 лайнеры. Кошт гандлёвага пагаднення з апцыёнам складае каля 11 млрд долараў.
Airbus A220, раней вядомы як Bombardier CSeries – сямейства пасажырскіх вузкафюзеляжных двухматорных турбавентылятарных самалётаў сярэдняй дальнасці. Самалёт быў распрацаваны канадскай кампаніяй Bombardier Aerospace. Лайнер выпускаецца на прадпрыемстве Airbus Canada. Airbus атрымаў кантрольны пакет акцый (50,01%) у праграме CSeries у кастрычніку 2017 года. Актуальна канцэрн валодае больш чым 74% акцый прадпрыемства, якое выпускае самалёты. Да 2026 года авіябудаўнічая фірма плануе стаць 100-працэнтным трымальнікам акцый Airbus Canada.
Актуальна серыя прадстаўленая двума тыпамі паветраных суднаў: A220-100 на 100-130 месцаў і A220-300 на 130-160 месцаў.
Авіякампанія LOT была створаная ў 1929 годзе. Цяпер авіяпарк LOT складаецца з 86 самалётаў. Гэта шэсць Boeing B737-800, 18 B737 MAX, восем B787-8, сем B787-9 Dreamliner; і 47 Embraer E-Jet: пяць E170, 15 E175 (у тым ліку два ў распараджэнні ўрада), восем E190, 16 E195 і тры E195-E2. Кампанія LOT чакае пастаўкі васьмі самалётаў Boeing 737 MAX 8.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл