Кампанія Apple абвясціла пра чарговую буйную ініцыятыву па падтрымцы развіцця аднаўляльных крыніц энергіі ў Еўропе. Польшча таксама ўваходзіць у лік краін, дзе будуць пабудаваны новыя ветравыя і сонечныя праекты.
Да канца бягучага года ў Рэску ў Заходнепаморскім ваяводстве пачне працаваць сонечная ферма магутнасцю ў 40 МВт. Інвестарам з'яўляецца кампанія Apple, а праект будзе рэалізаваны ізраільскай кампаніяй Econergy, паведамляе Rzeczpospolita.
Паводле газеты, амерыканская карпарацыя, якая праектуе і распрацоўвае бытавую электроніку, праграмнае забеспячэнне і інтэрнэт-сэрвісы падпісала з Econergy папулярнае пагадненне ў галіне аднаўляльных крыніц энергіі, то бок «доўгатэрміновае пагадненне аб куплі-продажы віртуальнай электраэнергіі» (анг. virtual Power Purchase Agreement, PPA).
Газета цытуе віцэ-старшыню Apple Лізу Джэксан, якая заявіла, што «пагадненне мела вырашальнае значэнне для забеспячэння фінансавання будаўніцтва сонечнай фермы».
«Паводле 19-гадовай дамовы, Apple будзе закупляць прыкладна 75 працэнтаў энергіі, вырабленай фермай», – заявіла Джэксан.
Чыстая энергія для карыстальнікаў Apple ў Еўропе
Паводле газеты, устаноўка магутнасцю ў 40 МВт забяспечыць энергіяй дзясяткі тысяч хатніх гаспадарак.
Інвестыцыя Apple ў Польшчы – гэта толькі частка больш маштабнага праекта ў Еўропе. У цэлым, чакаецца, што праекты Apple дададуць да еўрапейскай сеткі да 650 МВт аднаўляльнай энергіі – дастаткова, каб пакрыць ейнае спажыванне, звязанае з выкарыстаннем прылад Apple усімі кліентамі на кантыненце.
Новыя інвестыцыі будуць уключаць ветравыя і сонечныя электрастанцыі ў Польшчы, Італіі, Грэцыі, Румыніі і Латвіі, а таксама ў Іспаніі. Іхны агульны кошт складзе больш за 600 мільёнаў долараў. Яны павінны вытвараць больш за адзін мільён мегават-гадзін чыстай энергіі ў год да 2030 года.
аз