Калі на Каляды палякі будуць жадаць адзін аднаму «100 гадоў жыцця», то павінны дадаць: «у добрым здароўі». Гэта важна, бо сітуацыя з доглядам за пажылымі людзьмі ў краіне не выглядае найлепш, а можа яшчэ пагоршыцца, канстатуе выданне Rzeczpospolita.
Газета спасылаецца на справаздачу Сусветнага банка, паводле якога толькі 4% дарослых палякаў не баяцца старасці. Астатнія асцерагаюцца будучыні ў гэтым аспекце, хоць многія з іх перакананыя, што дапамога спатрэбіцца ім толькі пасля перасячэння «мяжы» 80 гадоў.
Між тым, паводле дадзеных, сярэдняя працягласць жыцця ў адносным здароўі ў Польшчы цяпер складае прыблізна 61 год.
Штодзёнка падкрэслівае, што большасць тых, хто патрабуе дапамогі, сёння застаюцца ў сваіх дамах і пад апекай блізкіх. У сваю чаргу, у 80% дапамога тым, хто з цяжкасцю функцыянуе самастойна, аказваецца нефармальным чынам, а толькі ў 20% такая дапамога гарантаваная, адпаведнымі грамадскімі ўстановамі.
«Як правіла, клопат аб блізкіх, якія патрабуюць дапамогі, ускладзены на жанчын, якія часта вымушаны адмовіцца ад прафесійнай працы, бо яны не ў стане спалучаць усе ролі, якія ім прызначыла жыццё», – адзначаецца ў дакуменце.
У дакладзе таксама падкрэсліваецца, што ў найбольш складанай сітуацыі прадстаўнікі пакалення ва ўзросце 45-64 гадоў, якія, з аднаго боку, павінны працаваць, а з другога, клапаціцца, як пра самых маладых членаў сям'і, то бок унукаў, так і самых старэйшых – пажылых бацькоў.
У сваёй справаздачы Сусветны банк звяртае ўвагу, што зараз у Польшчы праходзіць інтэнсіўны працэс старэння насельніцтва, а працягласць жыцця ў здароўі скарачаецца, асабліва сярод жанчын.
У Польшчы неўзабаве пачне назірацца з’ява скарачэння колькасці «нефармальных апекуноў», бо тыя, хто ў цяперашні час выконвае гэтую ролю, самі пачнуць патрабаваць дапамогі, а з-за дэмаграфічных фактараў толькі частка з іх яе знойдзе. Гэта прывядзе да росту попыту на афіцыйныя паслугі па доглядзе, што, у сваю чаргу, прывядзе да далейшага росту іх коштаў, канстатуе выданне.
аз