Перад Каляднымі святамі мы пабывалі ў гасцях у беларускай сям’і, якая пражывае ў Варшаве. Гэта этнограф, музыка, выкладчык Сяржук Доўгушаў і псіхолаг Віялета Нікіцік, а таксама іх маленькая дачушка. У размове яны распавялі, як самі святкуюць Каляды, як да іх рыхтуюцца і як стварыць святочны настрой, каб засталіся толькі пазітыўныя ўспаміны.
Сяржук Доўгушаў і Віялета Нікіцік з дачушкай.
Сяржук Доўгушаў: Важна, каб у сям’і былі нейкія рытуалы. У нас ёсць такія рытуалы на Каляды, на Вялікдзень. З дзяцінства я памятаю, як трэба было памыцца яйкам на Вялікдзень, як булкі пяклі, прыгатаванне святочнага стала, упрыгожанне ялінкі, калі ўсе разам... Я дадаў бы яшчэ выцінанкі – выразаць сняжынкі, павесіць на шкло. Нават калі няма дзяцей, пачніце рабіць – адразу настрой з’яўляецца. Зрабіць калядную зорку - гэта вельмі проста зрабіць, ёсць майстар-класы, зрабіць маску казы, вывучыць хаця б адну песню і праспяваць. Гэта нас рыхтуе, уводзіць у святочны настрой.
Заўсёды можна пайсці, павіншаваць сяброў. Хтосьці ў эміграцыі пабачыў мае Каляды, і вырашыў – пойдзем, пакалядуем. Ёсць некалькі сямей, знаёмых, іх папярэджваюць – мы да вас прыйдзем павіншаваць з Калядамі. Чалавек пяць, шэсць ідуць – з зоркай, спяваюць песні, віншуюць, і гэта прыносіць мацнейшы настрой. Я быў у Штатах, мы ў Мінесоце хадзілі, віншавалі, і для людзей, асабліва дзяцей, якія там нарадзіліся, гэта было ўпершыню. Гэта было такое ўражанне, што яны сказалі – будзем хадзіць і далей, кожны год.
А вось святочны стол, без якога, канешне, не абыдуцца Каляды. Кажуць, што пра палітыку, рэлігію і фінансы нельга размаўляць за сталом, каб не сапсаваць адносіны. А пра што найлепш размаўляць?
Сяржук Доўгушаў: У Беларусі, асабліва калі прыйдуць госці менш знаёмыя, дык будуць баяцца гаварыць пра палітыку. Пра рэлігію лепш не казаць, бо можа хтосьці пакрыўдзіцца, хтосьці няверуючы. Але, мне здаецца, не трэба нічым абмяжоўвацца. Калі за сталом збіраюцца вельмі блізкія людзі – не трэба сябе абмяжоўваць – хочацца падзяліцца, давайце падзелімся, хочацца памаліцца – памолімся.
Здараецца, што пачынаецца такое свайго роду саперніцтва паміж сваякамі – а вось у нас так, а ў вас інакш. І гэта можа выклікаць нейкія непаразуменні падчас свята. Магчыма, у маладым пакаленні гэта не так бачна, хутчэй сярод больш пажылых. Што б псіхолаг параіў у такой сітуацыі зрабіць?
Віялета Нікіцік: Калі сустракаюцца розныя пакаленні – цёткі, дзядзькі, такое можа быць. Лепш за ўсё не ісці ў канфлікт, пераключаць тэму. Скажам, на ўспаміны з дзяцінства, “а як было раней на вёсцы”, культура, гістарычныя пытанні і г.д.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле
Размаўляла Наталля Грышкевіч