Злучаныя Штаты даюць зразумець, што гатовыя ўдарыць па іранскім рэжыме. Нават калі не дойдзе да поўнамаштабнага ўварвання, абмежаваная ваенная аперацыя можа мець істотныя эканамічныя наступствы, якія выйдуць за межы рынку нафты – піша Вusinessinsider.
Дональд Трамп заявіў, што кожная краіна, якая вядзе бізнес з Іранам, павінна будзе плаціць 25-працэнтныя мыты на ўсе аперацыі з ЗША. Такое рашэнне ўдарыла б перш за ўсё па Кітаі — сёння галоўным гандлёвым партнёры Ірана. Толькі ў 2025 годзе Пекін імпартаваў з Ірана тавары прыкладна на 14 мільярдаў долараў.
Новыя мыты маглі б азначаць вяртанне гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем, з наступствамі і для Еўропы. Кітайскія тавары, якія не трапілі б на амерыканскі рынак, маглі б у большай колькасці паступаць у Еўрапейскі саюз, змяняючы сітуацыю еўрапейскіх вытворцаў. Пакуль што заявы Трампа не маюць канкрэтнага заканадаўчага афармлення, а падобныя пагрозы ў мінулым часта змякчаліся.
Для Кітая Іран — гэта не толькі гандлёвы партнёр, але і ключавы элемент антыамерыканскага лагера на Блізкім Усходзе. Магчымы крах рэжыму аятол можа аслабіць пазіцыі Пекіна ў рэгіёне і стаць чарговым ударам пасля дзеянняў ЗША ў дачыненні да Венесуэлы. З іншага боку, калі іранскія ўлады ўтрымаюцца, яны могуць яшчэ мацней залежаць ад Кітая і Расіі.
Удар па Іране можа таксама прывесці да змен на сусветным рынку нафты. У доўгатэрміновай перспектыве палітычныя перамены маглі б адкрыць шлях да зняцця санкцый і павелічэння прапановы. Аднак у кароткатэрміновай перспектыве рынак рэагуе ростам цэн.
Найгоршы сцэнарый — блакада Армузскага праліву, праз які праходзіць каля 20% сусветных паставак нафты. Паводле ацэнак аналітыкаў JP Morgan, гэта магло б падняць кошт нафты да 120 долараў за барэль.
Незалежна ад далейшага развіцця падзей, існуе рызыка гуманітарнага крызісу. У Іране пражывае каля 90 мільёнаў чалавек. Крах дзяржавы такога маштабу мог бы выклікаць хвалю міграцыі значна большую, чым тая, якую Еўропа перажыла пасля падзення Сірыі.
нг