Прэзідэнт Караль Наўроцкі абвінаваціў урад у «стварэнні падзелаў»
— Пытанне ўступлення ў еўрапейскі крэдыт SAFE — гэта не пытанне адной партыі, аднаго ўрада ці аднаго тэрміна. Гэта пытанне будучыні польскай дзяржавы, — пачаў свой выступ прэзідэнт.
Затым ён абвінаваціў урад у выбары «канфрантацыйнага варыянту» замест перамоваў. Ён таксама абвінаваціў палітычных апанентаў у выкарыстанні пытання SAFE для «эскалацыі сацыяльнай палярызацыі і стварэння падзелаў паміж палякамі».
Урэшце прэзідэнт прывёў аргументы супраць самога крэдыту на ўзбраенне.
— Механізм SAFE — гэта маштабны замежны крэдыт на 45 гадоў у замежнай валюце, з працэнтнымі выдаткамі, якія могуць дасягнуць 180 мільярдаў злотых. Такім чынам, палякам давядзецца вярнуць удвая большы крэдыт, і заходнія банкі і фінансавыя ўстановы атрымаюць ад гэтага прыбытак, — заявіў ён.
Адначасова Наўроцкі прызнаў, што Польшча павінна шукаць фінансаванне для ваеннай прамысловасці.
— Гісторыя вучыць нас простай праўдзе: нацыя, якая не хоча плаціць за ўласную армію, рана ці позна будзе вымушана плаціць за армію іншай нацыі, — нагадаў ён.
— Таму інвестыцыі ў абарону неабходныя. Але яны павінны праводзіцца разумна, адказна і такім чынам, каб не абмяжоўваць суверэнітэт дзяржавы, — падкрэсліў прзідэнт, нагадаўшы пра альтэрнатыву, а менавіта ідэю фінансавання праграмы ўзбраення з уласных сродкаў Нацыянальнага банка Польшчы – SAFE 0%.
— Гэтае прапанова (SAFE 0%) дае нам поўную свабоду для прыняцця рашэнняў. Польшча будзе выбіраць: якое абсталяванне яна купляе, у каго яна купляе і як яна развівае сваю абаронную прамысловасць, — адзначыў ён.
Далей Наўроцкі заявіў, што як прэзідэнт не можа падпісаць законапраект, які абмяжоўвае суверэнітэт Польшчы і робіць бяспеку залежнай ад такой міжнароднай арганізацыі, як Еўрапейскі Саюз.
— Гэта фундаментальныя пытанні. Улічваючы іх, я вырашыў не падпісваць законапраект, які дазваляе Польшчы браць крэдыт SAFE. Я ніколі не падпішу законапраект, які падрывае наш суверэнітэт, незалежнасць, эканамічную і ваенную бяспеку, — заявіў Наўроцкі.
Прэмʼер-міністр Дональд Туск адразу адрэагаваў на заяву прэзідэнта. «Прэзідэнт страціў магчымасць паводзіць сябе як патрыёт. Сорамна!» — напісаў ён на X.
яс