Беларуская Служба

Польская гатэльная сетка забараняе продаж алкаголю ў сваіх гасцініцах

03.04.2026 06:02
Мэта ініцыятывы – уклад у абмежаванне злоўжывання алкаголем у Польшчы, а таксама паляпшэнне стандартаў функцыянавання гасцінічнай індустрыі.
ГатэльShutterstock/Patryk Kosmider

Вядомая польская гатэльная група Arche запускае пілотную праграму па абмежаванні продажу алкаголю ў сваіх гасцініцах. Мэта ініцыятывы — уклад у абмежаванне злоўжывання алкаголем у Польшчы, а таксама паляпшэнне стандартаў функцыянавання гасцінічнай індустрыі, паведамляе партал WP.

Праграма будзе рэалізаваная паэтапна на працягу бліжэйшых месяцаў, а яе завяршэнне запланаванае на кастрычнік. Пілотны праект у пачатковай стадыі ахопіць два аб'екты кампаніі ў Лодзі, дзе разглядаецца пытанне аб поўнай забароне продажу алкаголю.

— Алкагалізм у Польшчы надалей — гэта тэма табу, — кажа Уладзіслаў Грахоўскі, генеральны дырэктар і ўладальнік Arche, адной з найбуйнейшых гасцінічных сетак у краіне. — Нашымі дзеяннямі мы хочам паказаць, што Arche падтрымлівае антыалкагольную кампанію, якая накіраваная на скарачэнне спажывання высокапрацэнтных напояў, прафілактыку і змену мыслення адносна ўжывання алкаголю, — кажа бізнесмен.

Адным з галоўных элементаў ініцыятывы гасцінічнай групы зʼяўляецца абмежаванне дэманстрацыі алкаголю ў гатэлях. Для прыкладу, з бараў будуць прыбраныя бутэлькі, а алкаголь можна будзе купіць, папрасіўшы бармена азнаёміць з асартыментам. Кампанія таксама ўводзіць 20-працэнтныя скідкі на безалкагольныя вяселлі, якія адбываюцца ў рэстаранах іх гасцініцаў.

Вынікі пілотнай праграмы вызначаць магчымае ўвядзенне абмежаванняў па спажыванні алкаголю ў гасцініцах сеткі на пастаяннай аснове. Вынікі кампаніі будуць падведзеныя ў кастрычніку 2026 года.

вс