Беларуская Служба

Большасць палякаў выступае супраць вяртання да рынкавых цэн на паліва

21.04.2026 17:53
Цэны на нафту застаюцца нестабільнымі. 
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. IADE-Michoko/pixabay.com/CC0

Ці будзе падоўжаны ўрадавы пакет «Цэны паліва ніжэй» (Ceny Paliw Niżej – CPN)? Аб гэтым піша «Forsal». З самага пачатку ўрад падкрэсліваў, што гэта часовая мера, уведзеная ў адказ на рост цэн на паліва з-за канфлікту на Блізкім Усходзе. Аднак большасць палякаў не хоча вяртання да рынкавых цэн.

З канца сакавіка максімальная цана на паліва вызначаецца штодзённа міністрам энергетыкі паводле алгарытму. На 21 красавіка 2026 года яна складае: бензін 95 — 6,00 зл/л, бензін 98 — 6,54 зл/л, дызель — 6,92 зл/л. Гэта самая нізкая максімальная цана на «95-ы» з пачатку дзеяння пакета. Перад увядзеннем пакету, на некаторых АЗС бензін каштаваў амаль 8 зл, а дызель — нават 9 зл за літр.

Разлік максімальнай цаны грунтуецца на сярэдняй аптовай цане плюс акцыз, паліўны збор, гандлёвая маржа і падатак на дададзеную вартасць (ПДВ). Часова ПДВ зніжаны да 8% (да канца красавіка), а акцыз — да канца чэрвеня. Паводле Міністэрства энергетыкі, зніжэнне ПДВ каштуе бюджэту каля 930 млн зл, а зніжэнне акцызу — каля 400 млн зл за першыя два тыдні дзеяння.

Цэны на нафту застаюцца нестабільнымі. Яны знізіліся, калі было абвешчана перамір’е паміж ЗША і Іранам, аднак пасля пагроз новай блакады Армузскага праліва з боку Ірана зноў выраслі — больш як на 5%, да 95 долараў за барэль.

Рада па фіскальнай палітыцы папярэджвае: падаўжэнне пакета да канца года можа павялічыць дэфіцыт яшчэ на 0,37% ВУП, будзе патрэбная карэкціроўка. Кожны месяц дзеяння механізму павялічвае дэфіцыт прыкладна на 0,04% ВУП. На думку Рады, гэта дарагая і няправільная мера, якая не ліквідуе прычын росту цэн і стварае рызыкі для дзяржаўных фінансаў.

Нягледзячы на гэта, паводле апытання, праведзенага 2–3 красавіка сярод 1011 дарослых, чатыры пятыя палякаў выступаюць за захаванне максімальных цэн да канца года. Толькі адна пятая апытаных падтрымліваюць вяртанне да рынкавых цэн. Страх перад новым скачком цэн мацнейшы за давер да механізмаў свабоднага рынку.

нг