Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ягоны нядаўні ўльтыматум дыктатару Беларусі Аляксандру Лукашэнку стаў вынікам працяглых, але безвыніковых непублічных папярэджанняў. Паводле ўкраінскага лідара, праз разведку і вайсковыя каналы Мінску неаднаразова перадавалі патрабаванне спыніць тэхнічную падтрымку расійскіх дронаў.
— Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя. І мы закрылі гэтае пытанне, — сказаў Зяленскі ў інтэрв’ю ТСН.
Паводле яго, рэтранслятары ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях дапамагаюць расійскім беспілотнікам наносіць удары па ўкраінскіх гарадах. Зяленскі падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра словы ці прабачэнні, а пра канкрэтныя дзеянні.
Украінскі прэзідэнт адзначыў, што пакуль не атрымаў ніякай рэакцыі ад беларускага боку. Раней ён заявіў, што калі Мінск не дэмантуе рэтранслятары цягам тыдня, гэта зробіць Украіна. Таксама Кіеў патрабуе спыніць пастаўкі паліва для расійскага войска.
эж