Масавы адток украінцаў з польскага рынку можа моцна ўдарыць па польскай эканоміцы, але эксперты лічаць, што такі сцэнар краіне не пагражае, паведамляе «Rzeczpospolita».
Паводле газеты, раптоўнае масавае «знікненне» ўкраінцаў з польскага рынку працы выклікала б значны эканамічны шок. Паводле агульных ацэнак, у Польшчы працуе ад 770 тысяч да больш як мільёна ўкраінцаў, што складае прыблізна 6% усіх занятых у краіне.
Паводле экспертаў, гіпатэтычны адток 500 тысяч чалавек можа знізіць ВУП прыблізна на 0,8 працэнтнага пункта ў кароткатэрміновай перспектыве, а тэмпы росту ў наступныя гады — у сярэднім на 0,2 працэнтнага пункта. Гэта, у сваю чаргу, будзе суправаджацца інфляцыйным ціскам у выніку дэфіцыту працоўнай сілы і росту заработнай платы, што можа прымусіць Раду грашовай палітыкі да ўтрымання вышэйшых працэнтных ставак (на 0,25–0,5 працэнтнага пункта).
Эксперты ацэньваюць рызыку адмоўнага сцэнара як нізкую. Доктар Павел Стшэлецкі з Галоўнай гандлёвай школы ў Варшаве падкрэслівае, што канец вайны не абавязкова азначае масавае вяртанне ўкраінцаў дадому. Канец вайны можа нават стымуляваць далейшую міграцыю ў Польшчу, напрыклад, з мэтай уз'яднання семʼяў.
Даследаванне, на якое спасылаецца газета, паказвае, што толькі 14% бежанцаў заяўляюць пра гатоўнасць вярнуцца ва Украіну пасля мірнага дагавора з Расіяй, у той час як значная колькасць хоча заставацца ў Польшчы даўжэй, 30-40% - вагаецца.
Аднак, згодна са справаздачай Польскага эканамічнага інстытута за 2025 год аб міграцыйных тэндэнцыях украінцаў, верагоднасць таго, што ў Польшчы застанецца прыблізна 650 тысяч украінскіх работнікаў, нізкая або вельмі нізкая, што сведчыць пра рызыку адтоку рабочай сілы з такіх сектараў, як будаўніцтва, прамысловасць і сфера паслуг.
Тым не менш галоўны эканаміст mBank Марцін Мазурэк, падкрэслівае, што масавы адток малаверагодны, часткова з-за боязі працяглай вайны і паляпшэння ўмоў жыцця ў Польшчы.
аз