Энергетычны крызіс, справакаваны канфліктам вакол Ірана, зноў падкрэсліў уразлівасць Еўропы і яе залежнасць ад выкапнёвага паліва. Як адзначае «Bloomberg», менавіта скарачэнне гэтай залежнасці становіцца вызначальным фактарам эканамічнай бяспекі Еўрапейскага Саюза.
Пасля абвастрэння сітуацыі і парушэння транспарту праз Армузскі праліў цэны на газ істотна выраслі — прыкладна на 60%. Для ЕС гэта асабліва адчувальна: імпартны газ забяспечвае каля пятай часткі энергаспажывання, і гэтая доля амаль не змяняецца ўжо два дзесяцігоддзі. Падобны ўдар Еўропа ўжо перажыла пасля расійскага ўварвання ва Украіну, калі рост коштаў негатыўна паўплываў на прамысловасць і дамашнія гаспадаркі.
Эксперты падкрэсліваюць, што ў ЕС ёсць эфектыўны інструмент — сістэма гандлю квотамі на выкіды вуглякіслага газу. Замест яе аслаблення варта пашыраць яе дзеянне, што можа паскорыць пераход на электратранспарт і знізіць выкарыстанне выкапнёвага паліва, асабліва ў бытавым сектары.
Адначасова неабходныя маштабныя інвестыцыі ў энергасістэму: развіццё сховішчаў энергіі, атамнай энергетыкі і трансгранічных сетак. Таксама разглядаецца стварэнне стратэгічных запасаў газу.
Паводле выдання «Bloomberg», Еўропа ўжо дэманстравала здольнасць адаптавацца, але для дасягнення сапраўднай энергетычнай незалежнасці патрэбныя больш рашучыя дзеянні.
эж