Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Чэхіі хочуць трымаць частку стратэгічных рэзерваў у жывых каровах. Але ёсць нюанс

06.08.2026 17:08
Дзяржава імкнецца мець стратэгічны рэзерв у памеры адной траціны мяса ў выглядзе жывёлы, адной траціны ў выглядзе кансерваў і адной траціны ў выглядзе іншых мясных прадуктаў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com / Leuchtturm81!

Адміністрацыя дзяржаўных матэрыяльных рэзерваў Чэхіі (SSHR) хацела трымаць жывых кароў у стратэгічным запасе. Аднак, як паведамляе «Money» са спасылкай на чэшскі партал «Seznam Zpravy», ніхто не падаў заяўкі на ўдзел у першым тэндары. Стратэгічны запас чэхі далей будуць трымаць у замарожаных і кансерваваных прадуктах.

У тэндары было прадугледжана, што стратэгічны статак будзе налічваць агулам 240 тон кароў і быкоў. Фермер, які будзе даглядаць за жывёламі, павінен будзе гарантаваць, што яны заўсёды будуць даступныя і гатовыя да забою ў неабходнай колькасці.

— Мы былі расчараваныя, бо раней чулі, што гэта выдатная ідэя. Ніякіх супраціваў, каментарыяў ці пытанняў адносна замовы не было, але ў рэшце рэшт ніхто не падаў заяўкі. Цяжка здагадацца, чаму, — сказаў кіраўнік SSHR Павел Швагр (Pavel Szvagr).

На яго думку, утрымліваць жывы статак танней, чым захоўваць запасы замарожанага мяса, якія ў любым выпадку трэба рэгулярна папаўняць. Акрамя таго, прапанова замарожанага мяса на рынку абмежаваная.

Цяпер SSHR паўторна абвесціць тэндар з некалькімі змененымі параметрамі. У будучыні дзяржава імкнецца мець стратэгічны рэзерв у памеры адной траціны мяса ў выглядзе жывёлы, адной траціны ў выглядзе кансерваў і адной траціны ў выглядзе іншых мясных прадуктаў.

Матэрыяльныя рэзервы Чэхіі захоўваюцца на дзясятках складоў. Некаторыя з гэтых месцаў засакрэчаныя. SSHR мае актывы коштам у дзясяткі мільярдаў крон. Найбольшая частка, больш за палову, складаецца з паліва. Па бягучых рынкавых цэнах гэта больш за 25 мільярдаў крон, або больш за 1 мільярд еўра.

нг