Расія знізіла прагнозы здабычы газу і яго экспарту на 2026-ы год. Еўропа адмаўляецца ад расійскага паліва, а хутка знайсці для яго іншых пакупнікоў Маскве не ўдаецца. Як паведамляе партал BiznesAlert, расійскае Міністэрства эканомікі цяпер чакае здабычы 683,1 млрд кубаметраў газу.
Гэта на 5,3 млрд менш, чым прагназавалі ў маі. Знізілі і чаканні ад экспарту звадкаванага прыроднага газу: цяпер разлічваюць прадаць за мяжу 35 млн тон. Абодва паказчыкі вышэйшыя за чаканыя вынікі папярэдняга года. Аднак гэта не вяртае Расіі даходаў, якія яна атрымлівала ад гандлю з Еўропай да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Раней Расія пастаўляла еўрапейскім краінам каля 180 млрд кубаметраў газу штогод. У прагнозе на мінулы год заставалася толькі 18 млрд. Доўгатэрміновыя кантракты, блізкасць пакупнікоў і разгалінаваная сетка газаправодаў забяспечвалі «Газпраму» выгадныя ўмовы і стабільныя прыбыткі. Цяпер гэтая мадэль губляе эканамічны сэнс.
Еўрасаюз рыхтуецца цалкам адмовіцца ад расійскага газу. Спачатку Брусель плануе спыніць імпарт звадкаванага паліва, затым — пастаўкі па трубаправодах.
Масква разлічвае на азіяцкія рынкі, перадусім Кітай. Але прапускная здольнасць наяўных газаправодаў абмежаваная. Новыя патрабуюць шматгадовага будаўніцтва і дамоўленасцяў з Пекінам, у тым ліку наконт цаны. Для пашырэння экспарту звадкаванага газу патрэбныя дарагія заводы, спецыялізаваныя танкеры і тэхналогіі, доступ да якіх Расіі абмяжоўваюць санкцыі.
Дадатковую нявызначанасць ствараюць украінскія атакі на расійскую энергетычную інфраструктуру. Зніжаныя прагнозы маюць улічыць пры абнаўленні федэральнага бюджэтнага плана Расіі да 2029-га года.
эж