Прафсаюз беларусаў з’яўляецца часткай польскай арганізацыі Międzyzakładowa Organizacja Środowiskowa OPZZ Konfederacja Pracy, але ўваходяць у яго выключна беларусы. Прафсаюз створаны для дапамогі беларусам у Польшчы, іх кансалідацыі і абароны працоўных правоў.
Заснавальнік і кіраўнік Мікалай Мінкоў расказвае, што ідэя з’явілася паўтары гады таму. Група беларусаў прыйшла да высновы, што іх шмат, але паасобку іх ніхто не чуе.
— Мы вырашылі стварыць арганізацыю, ад імя якой маглі б звяртацца ў розныя інстанцыі, уздымаць пытанні важныя для беларусаў у Польшчы. Спачатку мы спрабавалі зарэгістраваць прафсаюз, як асобную юрыдычную асобу, але ў нас не атрымалася. Потым мы пайшлі іншым шляхам і зарэгістравалі прафсаюз, як частку вялікай польскай арганізацыі. І вось зараз мы працуем, кансультуем, дапамагаем.
Мікалай Мінкоў кажа, што беларусы далучаюцца, але хацелася б, каб далучаліся больш актыўна.
— У Беларусі гэта была арганізацыя, можна сказаць, непатрэбная для працаўнікоў. Таму тут беларусам цяжка зразумець, навошта гэтая арганізацыя, якая ад яе карысць, чым яна можа дапамагчы. У Польшчы прафсаюзы сапраўдныя па сутнасці, робяць тыя рэчы, якія павінны. То бок абараняюць правы працаўнікоў, уступаюць у працоўныя спрэчкі, дапамагаюць членам прафсаюза, праводзяць дадатковае навучанне, інфармуюць пра правы. Таму ў Польшчы гэта патрэбная арганізацыя. Запрашаем да нас далучацца, бо моц прафсаюза залежыць ад колькасці членаў, а чым болей нас будзе, тым больш мы зможам зрабіць.
Мікалай Мінкоў расказвае, што акрамя працоўных праблем, прафсаюз уздымае пытанні працяглай легалізацыі, дыскрымінацыі ў банкаўскай сферы. Прафсаюз аказвае юрыдычныя кансультацыі па працоўным кодэксе.
Сярод частых праблем беларускіх працаўнікоў кіраўнік прафсаюза называе працаўладкаванне не на аснове працоўных дамоваў, а на umowach zlecenia i o dzieło. Сустракаюцца выпадкі не поўнай выплаты заробкаў, ці дыскрымінацыі па ўзросце.
Праца прафсаюза фінансуецца за кошт членскіх узносаў. Для пенсіянераў і беспрацоўных яны складаюць 20 злотых, для астатніх членаў — 50 злотых.
У далучаным гукавым файле слухайце поўную размову з Мікалаем Мінковым.
ав