Адзін з буйнейшых польскіх банкаў Pekao S.A. разглядае магчымасць правядзення рэбрэндынгу, падчас якога можа адмовіцца ад лагатыпу з выявай зубра. Акрамя таго, неафіцыйна паведамляецца, што банк можа змяніць назву, паведамляюць польскія СМІ. Фінансавая ўстанова паведаміла на запыт журналістаў, што змена назвы не разглядаецца, аднак у бюлетэні Галоўнага патэнтнага ўпраўлення Польшчы апублікаваная інфармацыя пра рэгістрацыю гандлёвых марак Polbank і Polbank24. Заяўку падаў старшыня праўлення банку Цэзары Стыпулкоўскі.
Polbank ужо існаваў у Польшчы і аб'яднаўся з Raiffeisen Bank Polska ў 2012 годзе. Згодна з патэнтнымі рэгістрамі, тэрмін дзеяння правоў на ахову гандлёвай маркі Polbank, пададзеных Raiffeisen, скончыўся ў 2019 годзе.
Варта адзначыць, што гэта не першая буйная змена іміджу і рэбрэндынг у банку Pekao S.A. У 2012 годзе італьянская фінансавая група UniCredit, тагачасны ўладальнік Pekao, прыбрала зубра з лагатыпу, аднак выява жывёлы была вернутая некалькі гадоў таму.
Адзін з галоўных аргументаў на карысць змены і абнаўлення іміджу тлумачыцца блытанінай, бо ў Польшчы, акрамя банку Pekao S.A., ёсць таксама банк PKO BP – дарэчы, таксама адзін з буйнейшых у краіне.
Bank Pekao S.A. — гэта публічная кампанія, найбуйнейшым акцыянерам якой з’яўляюцца страхавая кампанія PZU і Польскі фонд развіцця. У абедзвюх кампаніях кантрольны пакет акцыі мае дзяржава.
Банк Pekao быў заснаваны дзяржавай у 1929 годзе. У часы Польскай Народнай Рэспублікі ён быў адной з нешматлікіх дзяржаўных кампаній, які меў статус акцыянернага таварыства. Банк быў прыватызаваны ў 1999 годзе. У 2017 годзе кантрольны пакет акцый выкупіла дзяржава.
вс