Беларуская Служба

Польская падатковая інспекцыя забывае пра пахавальны бізнес

28.10.2019 16:05
Многія пахавальныя кампаніі дзейнічаюць нелегальна.
ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay/carolynabooth/CC0 Creative commons

У выданні Rzeczpospolita артыкул пра гэтак званы фунеральны бізнес, гэта значыць, звязаны з цырымоніяй пахавання памерлага чалавека і падрыхтоўкай да гэтай цырымоніі. Гаворка ідзе пра ценявую зону ў пахавальнай галіне. Паводле падлікаў прадпрымальнікаў, якія знаёмыя з тэмаю, шэрая зона ў дадзеным бізнесе ацэньваецца ў 3,5 млрд. злотых. Як мінімум 950 млн. з гэтай сумы павінны трапіць у дзяржаўную скарбніцу. Ценявая зона ў дадзенай галіне можа яшчэ больш пашырыцца ў бліжэйшым часе, паколькі ў Польшчы памірае ўсё больш людзей, якія нарадзіліся ў часы пасляваеннага буму.

Многія пахавальныя кампаніі дзейнічаюць нелегальна, не выдаюць фактур, а магільшчыкаў прымаюць на працу без падпісання адпаведнай дамовы. Выданне піша, што падатковая інспекцыя без вялікіх цяжкасцяў магла б пракантраляваць фунеральныя кампаніі, паколькі цяпер практычна на кожнай намагільнай пліце ёсць інфармацыя, хто яе выканаў. Аднак інспекцыя не спяшаецца брацца за магільшчыкаў, ёй прыемнай, відаць, расследаваць парушэнні падчас арганізацыі вяселляў, чым пахаванняў.

пераклад нг