У 2020 годзе ва Украіне збіраюцца аднавіць «шлях з варагаў у грэкі». Мінінфраструктуры хоча развіваць унутраныя водныя шляхі для таго, каб злучыць Чорнае, Балтыйскае і Каспійскае моры. Для гэтага ўкраінцы плануюць супрацоўнічаць з Беларуссю, Польшчай і Грузіяй.
Для рэалізацыі гэтага праекта ва Украіне будуць праводзіць работы па днопаглыбленні на рэках, у прыватнасці, на Дняпры. Гэта павінна прывесці да росту аб'ёмаў грузаперавозак па Дняпры. Таксама ва ўрадзе чакаюць прыняцця шэрагу законаў аб унутраным водным транспарце.
У лістападзе 2018 года ў Беларусі разглядалі магчымасць будаўніцтва першага марскога порта. Ён павінен размяшчацца недалёка ад мяжы з Украінай на рацэ Дняпро. Год таму паведамлялася, што бізнес-план будаўніцтва беларускага марскога порта распрацаваны і знаходзіцца на экспертызе ў Мінсктрансе. Праўда, з таго часу навін пра гэта не зʼяўлялася.
Да згаданага пытання мы папрасілі аднесціся незалежнага эканаміста і сацыёлага Міхася Залескага. Спецыяліст скептычна падыходзіць да праекта і звяртае ўвагу на тое, што, робячы суднаходнымі беларускія рэкі, можна нанесці вялікую шкоду прыродзе.
«Калі мы зробім суднаходнай Прыпяць, прыстасуем яе да сучасных суднаў класа «рака-мора», то мы знішчым усю экасістэму Палесся», – гаворыць Залескі. Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што пра экалогію павінны таксама думаць у ўкраінцы.
«Украінцы павінны памятаць адну рэч: з Дняпра ваду п’е 29 млн чалавек. І суднаходства ў нашым выкананні можа прывесці да таго, што катастрофа з адной баржы з якой-небудзь дрэнню пазбавіць гэтых людзей вады», – зазначае эканаміст.
Пры гэтым ён кажа, што варта прапрацаваць пытанне эканамічнай мэтазгоднасці праектаў па развіцці рачнога транспарту, бо можа аказацца, што перавозіць грузы фурамі і цягнікамі будзе танней.
З Міхасём Залескім размаўляе Валеры Саўко.
слухайце аўдыёфайл