Беларуская Служба

Каранавірус не ўсім перашкаджае працаваць

08.04.2020 16:22
Пошук новых работнікаў вядуць вытворцы прадуктаў харчавання, сродкаў гігіены, лекаў, лагістычныя цэнтры.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/New Africa

Некаторыя прадпрыемствы не толькі не скарачаюць кадры, але набіраюць новых супрацоўнікаў. Іншыя ж плануюць аднавіць вытворчасць адразу пасля Вялікадня, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Турфірмы, гатэлі, грамадскае харчаванне, установы культуры і індустрыі забаў, частка гандлю церпяць страты і звальняюць работнікаў. Але ёсць прадпрыемствы, для якіх цяперашняя сітуацыя карысная з пункту гледжання эканомікі, таму яны шукаюць новых працаўнікоў. Гэта сектары, звязаныя з прадуктамі харчавання. Ім патрэбныя новыя супрацоўнікі ў сувязі з вялікім попытам на ежу, а таксама з адсутнасцю работнікаў на працы з-за каранціна. Справа ў тым, што з-за закрытых устаноў адукацыі многія пайшлі ў платны адпачынак па доглядзе за дзіцём, і таму не хапае персанала.

Для прыкладу, толькі адно агенцтва па працаўладкаванні шукае 2 тыс. чалавек у гандаль. Папулярныя гандлёвыя сеткі, такія як Lidl, Bіedronka і Netto шукаюць на працу па 200-300 чалавек.

Пошук новых работнікаў вядуць таксама вытворцы прадуктаў харчавання, сродкаў гігіены, лекаў, а таксама лагістычныя цэнтры і службы экспрэс-дастаўкі.

Працадаўцы даюць таксама абʼявы і прапануюць працу аналітыкам, кіраўнікам праектаў, экспертам па кадрах і заробках, он-лайн-камунікацыі, супрацоўнікам PR-кампаній ды нават спецыялістам па ахове навакольнага асяроддзя.

Некаторыя кампаніі, для прыкладу, завод Toyota і кандытарская фабрыка Wedel плануюць ажыццяўляць планы па новых праектах і шукаюць спецыялістаў і звычайных супрацоўнікаў.

яс