60 адсоткаў малых і сярэдніх кампаній абмежавалі сваю дзейнасць, даходы не зменшыліся толькі на кожным шостым прадпрыемстве. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання, праведзенага банкам BGK.
Аўтары дакладу падкрэсліваюць, што амаль 57 працэнтаў малых і сярэдніх прадпрыемстваў карыстаюцца дапамогай у рамках урадавага „Антыкрызіснага шчыта”. У сваю чаргу 60% маюць такі намер.
Галоўны эканаміст банку BGK Матэвуш Валеўскі (Mateusz Walewski) заявіў, што занятасць на польскіх прадпрыемствах змяншаецца.
Паводле нашых падлікаў, да 8 траўня працу ў малых і сярэдніх кампаніях у Польшчы маглі страціць да 8 працэнтаў супрацоўнікаў, то бок нават 500 тысяч чалавек. Значная частка з іх – гэта іншаземцы, а таксама асобы, якія не працуюць на стаўцы.Таму не ўсе яны павялічаць групу зарэгістраваных беспрацоўных.
Кожная трэцяя малая й сярэдняя кампанія скарачала працаўладкаванне. Аднак можна спадзявацца, што паступовая адмена абмежаванняў і павелічэнне выкарыстання дзяржаўнай дапамогі прычыняцца да таго, што кампаніі будуць звальняць менш людзей. Тэмпы скарачэння занятасці ў наступныя тыдні не павінны павялічвацца так хутка, лічаць эксперты.
Акрамя таго, справаздача BGK паказвае, што больш за 97 працэнтаў прадпрымальнікаў маюць, як мінімум, асноўныя веды пра „Антыкрызісны шчыт”.
Малыя прадпрыемствы ў Польшчы найчасцей карыстаюцца трохмесячным вызваленнем ад абавязку выплаты ўзносаў у Кампанію сацыяльнага страхавання. Пра гэта кажуць прадстаўнікі больш за паловы апытаных прадпрыемстваў. Яны таксама часта карыстаюцца суфінансаваннем зарплатаў (29 працэнтаў) і вызваленнем ад абавязку выплаты падаткаў (9 працэнтаў). 12 працэнтаў кампаній плануюць скарыстацца „Антыкрызісным шчытом”.
аз