Беларуская Служба

Польшча – гэта «Роберт Левандоўскі» сусветнай эканомікі

05.04.2021 16:31
Польшча піша сваю ўнікальную гісторыю поспеху нават у часы пандэміі, піша нямецкая штодзёнка.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нямецкая штодзёнка Rheinische Post звяртае ўвагу на эканамічныя поспехі, якіх Польшча дасягае, нягледзячы на сусветны крызіс, звязаны з пандэміяй каранавіруса. Газета звяртае ўвагу на рэкордны экспарт у Германію і нізкі ўзровень беспрацоўя.

„Польшча піша сваю ўнікальную гісторыю поспеху пасля выхаду з камунізму нават у часы пандэміі”, - чытаем.

Кошт польскага экспарту ў Германію ў 2020 годзе на ўзроўні 58 мільярдаў 100 мільёнаў еўра перавышае на адзін працэнт рэкорд папярэдняга года. „Такім чынам, краіна эканамічнага цуду стала чацвёртым па велічыні пастаўшчыком у Германію і ўпершыню абыграла Францыю. Лепшымі былі толькі гіганты: Кітай, ЗША і Нідэрланды з моцнай нафтагазавай прамысловасцю” - адзначае Rheinische Post.  

„Польшча была і з'яўляецца важным стабілізатарам для нямецкай эканомікі падчас крызісу пандэміі каранавіруса", - кажа ў размове з газетай кіраўнік Польска-Нямецкай прамыслова-гандлёвай палаты ў Варшаве Ларс Гутайль.

Штодзёнка падкрэслівае, што трэцяя хваля пандэміі каранавіруса нанесла моцны ўрад па Польшчы, што магло адлюстравацца ў значным падзенні эканомікі і гандлю, але адбылося наадварот. Прыкладам можа служыць „цуд на рынку працы” з беспрацоўем у 3,1 працэнта ў студзені. Такім чынам Польшча стала другой пасля Японіі краінай з самым нізкім узроўнем беспрацоўя сярод 37 краін-членаў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.

Рэцэсія на ўзроўні 2,8% ВУП – гэта нішто ў параўнанні са зніжэннем ВУП у Францыі на 8,3%. Эканоміка Германіі скарацілася на 5%.

Сярод моцных бакоў польскай эканомікі Ларс Гутайль называе даволі моцную дыверсіфікацыю і вялікую колькасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Вырашальнымі для развіцця і мадэрнізацыі інфраструктуры сталі мільярды сродкаў з ЕС, якія „Польшча выкарыстоўвае вельмі эфектыўна”. У дрэнныя часы перавагай аказалася тое, што Польшча не належыць да зоны еўра.

Штодзёнка таксама цытуе эканаміста Сусветнага банка Марціна Пяткоўскага, які назваў Польшчу „Робертам Левандоўскім” з сусветнай эканомікі.