Экспертаў збянтэжыла вельмі шырокая сфера дзеяння эмбарга, піша Rzeczpospolita.
– Пакуль цяжка ацаніць маштабы ўплыву ўкраінскай сыравіны на цэны на харчы ў краіне. Магчыма, імпарт часткова стрымліваў рост. Прадукты ў лідарах па росту коштаў у інфляцыйным кошыку, і раптоўнае змяншэнне прапановы можа ў нейкай ступені абярнуцца ростам цэн для перапрацоўшчыкаў, ацэньвае спецыяліст па аграрным сектары ING Bank Śląski Артур Варакса.
Паводле старшага эканаміста Credit Agricole Bank Polska, харчовага эксперта Якуба Аліпры, эфект ад эмбарга будзе розным. – Гэта таму, што цэны на яйкі і птушку паводзяць сябе інакш, чым на збожжавыя, – тлумачыць Аліпра.
Заходняя Еўропа нясе вялікія страты праз птушыны грып. «У выніку ў нас вялікі попыт на польскую птушку і яйкі, цэны на якія рэзка выраслі ў тым ліку і з-за дарагіх кармоў. Калі да таго ж раптам знікне пастаўка з Украіны, з'явіцца прастора для далейшага росту коштаў на яйкі і мяса птушкі», – падкрэслівае эксперт Credit Agricole.
Рынак збожжа, у сваю чаргу, зʼяўляецца глабальным рынкам, і яго цэны шмат у чым вызначаюцца тым, што адбываецца ў свеце, а не лакальна. А збожжа на сусветных рынках таннее. «Я не чакаю, што ў выніку эмбарга цана збожжа ў Польшчы рэзка вырасце. Калі б у Польшчы яна істотна адхілялася ад сусветных коштаў, замежны попыт на нашыя крупы хутка павялічыўся б і быў бы знойдзены спосаб іх экспартаваць, а гэтага не адбываецца», – кажа Аліпра.
Моцны прыток украінскага збожжа да эмбарга мог некалькі абмежаваць рост цэнаў на хлеб у некаторых рэгіёнах краіны. Адхіленні ў мясцовых цэнах могуць распаўсюджвацца таксама на гародніну, садавіну і мёд. «Мы мяркуем, што тэмпы росту коштаў на прадукты харчавання ў Польшчы будуць зніжацца, але пасля ўвядзення эмбарга яны будуць зніжацца павольней – рэзюмуе Якуб Аліпра.
Польскае эмбарга на ўкраінскія харчы і сельскагаспадарчую прадукцыю ахапіла больш за дзясятак таварных групаў, у тым ліку крупы, мяса птушкі, свініна, ялавічына, бараніна, цукар, садавіна і гародніна, малако і малочныя прадукты, мёд і нават віно.
– Не выключана, што такі шырокі пералік тавараў, на якія распаўсюджваецца эмбарга, можа паўплываць на вытворчасць некаторых перапрацоўчых прадпрыемстваў. Змена была ўведзена раптоўна, – кажа Гжэгаж Казея, дырэктар аддзелу аналізу харчовага і сельскагаспадарчага сектару банка BNP Paribas.
Эксперты мяркуюць, калі Украіна захоча інтэгравацца ў Еўрасаюз, Польшча можа займець даволі вялікую праблему, бо мы будзем канкураваць у тым самым сегменце харчавання добрай якасці адносна цаны. «Трэба сёння шукаць у гэтым карысць. Мы маглі б быць перапрацоўшчыкам мясцовых прадуктаў для рынку ЕС, стаць своеасаблівым цэнтрам для яго, – кажа Аліпра.
вх