Беларуская Служба

Гарсавет Беластока прыняў праграму: «Кватэра для выпускніка»

19.09.2023 14:01
Такім чынам улады плануюць спыніць адток таленавітыя людзі з Беластока.
БеластокRobert Bartosewicz / Polskie Radio

Беласток выдзеліць 93 кватэры для студэнтаў апошніх курсаў з добрымі вынікамі ў вучобe або выпускнікоў універсітэтаў. У панядзелак дэпутаты беластоцкага гарсавета прынялі праграму: «Кватэра для выпускніка». Мэта праграмы ў тым, каб маладыя, таленавітыя людзі заставаліся ў горадзе пасля заканчэння вучобы.

Кватэры будуць выдзеленыя з жыллёвага фонду гміны Беласток.

Студэнты апошніх курсаў ВНУ ў Беластоку і не толькі, з сярэдняй колькасцю балаў за апошні год навучання не ніжэй за 4,75 або выпускнікі з такой жа сярэдняй колькасцю балаў, якія працуюць у горадзе на падставе дамовы аб працы, будуць мець магчымасць здымаць кватэру ў гміны.
Гаворка ідзе пра асобы, якія не маюць уласнай кватэры ці дома.

Дагавор арэнды будзе заключаны на час дзеяння працоўнага дагавора студэнта або выпускніка. Пры бесперапынным тэрміне арэнды 10 гадоў кантракт падаўжаецца на нявызначаны тэрмін. Штогод арандатары павінны будуць даказаць, што іх дамова аб працы ў горадзе надалей дзейнічае.

Гарадскія ўлады падкрэсліваюць, што праграма: «Кватэра для выпускніка» мае пілатажны характар.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі