Вялікія аб'ёмы імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі і абмежаваныя магчымасці праверкі сельгаспрадукцыі польскімі мытнымі службамі прыводзяць да непразрыстасці гэтай працэдуры – кажа прафесар Аркадыюш Артышак з Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве. Госць Польскага радыё патлумачыў, што абмежаваныя магчымасці памежнага кантролю з польскага боку могуць прывесці да таго, што грузы, якія павінны прайсці праз Польшчу транзітам, застануцца на польскім рынку.
- На цяжкасці звяртае ўвагу прафсаюз мытнікаў. Гэтая служба не дастаткова фінансуецца, не хапае супрацоўнікаў і таму яны не спраўляюцца на мяжы. Немагчыма вызначыць, ці тавар, які заяўляюць на мяжы транзітным, не застанецца на тэрыторыі Польшчы. Як прыклад неэфектыўнай працы сістэмы – цягнік з гнілой кукурузай, які стаяў на мяжы з красавіка.
Нагадаем, у красавіку мінулага года жыхары горада Хэлм скардзіліся на непрыемны пах у горадзе. Высветлілася, што смурод разносіцца з вагонаў. У вагонах было 9 тысяч тон кукурузы, якая згніла. Збожжа павінны былі перавезці ў порт, але яно месяцамі стаяла на рэйках каля мяжы з Украінай і згніло. Затым невядомыя высыпалі яго на суседняе поле.
Прафесар лічыць, што ва ўмовах нарастання аграрных пратэстаў эфектыўным рашэннем было б часовае эмбарга на сельгаспрадукцыю з-за ўсходняй мяжы.
У сярэдзіне красавіка мінулага года папярэдні ўрад увёў эмбарга на ўвоз самых папулярных відаў збожжавых з Украіны. Пад забаронай – пшаніца, рапс, кукуруза, сланечнік, а таксама прадукты, атрыманыя ў выніку перапрацоўкі гэтых збожжавых.
яс