Беларуская Служба

Польшча звернецца да Еўракамісіі, каб увесці санкцыі супраць Беларусі і Расіі ў справе экспарту сельгаспрадукцыі

06.03.2024 22:01
У Сейм Польшчы ўнесены праект рэзалюцыі з заклікам да Еўракамісіі ўвесці санкцыі на імпарт расійскай і беларускай сельгаспрадукцыі ў Еўрасаюз.
Аўдыё
.
.twitter.com/MeklerRafal

Польшча і Літва ініцыююць працэдуры ўвядзення санкцый супраць Беларусі і Расіі у справе экспарту сельгаспрадукцыі. Неабходная больш эфектыўная абарона еўрапейскага, літоўскага, польскага сельскагаспадарчага і харчовага рынкаў, заявіў прэм'ер-міністр Дональд Туск пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Літвы Інгрыдай Шыманітэ.  

Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы прэм’ер міністры Польшчы і Літвы паведамілі, што абмяркоўваліся таксама пратэсты фермераў у Польшчы і іншых краінах ЕС, якія выступаюць супраць прытоку сельгаспрадукцыі з Усходу, які дэстабілізуе рынак, а таксама палажэнняў «Зялёнага ладу».

Апрача пытанняў ваеннай бяспекі палітыкі размаўлялі і пра харчовую бяспеку. Дональд Туск сказаў, што звернецца да маршалка Сейму, каб быў адобраны зварот да Еўрапейскай камісіі ўвесці санкцыі на сельгаспрадукцыю з Расіі і Беларусі. На яго думку, не толькі тавары з Украіны дэстабілізуюць рынак Польшчы.

«Я перакананы, што супольнае еўрапейскае рашэнне будзе больш эфектыўным, чым індывідуальныя рашэнні дзяржаў рэгіёну. Я б хацеў, каб мы супольна як Еўрасаюз прынялі рашэнне наконт санкцый супраць Расіі і Беларусі датычна прадуктаў харчавання, сельгаспрадукцыі», – сказаў прэмʼер Польшчы Дональд Туск.

Прэмʼер Літвы Інгрыда Шыманітэ будзе падтрымліваць супольныя рашэнні ў гэтым пытанні.

«Заўсёды выступаем за як найбольшыя санкцыі супраць Расіі і Беларусі, немагчымасць атрымання імі якіх-кольвек грошай з ЕС. Таму будзем падтрымліваць такую ініцыятыву супольнасці», – сказала Шыманітэ.

У Сейм ужо ўнесены праект рэзалюцыі з заклікам да Еўракамісіі ўвесці санкцыі на імпарт расийскай і беларускай харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі ў Еўрасаюз. Дакумент вынесены на першае чытанне ў камісію па сельскай гаспадарцы і развіцці вёскі. «Заклікаем Еўрапейскую камісію ўнесці прапанову аб увядзенні санкцый на імпарт у ЕС расійскай і беларускай харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі», – гаворыцца ў праекце рэзалюцыі.

Аўтары рэзалюцыі сцвярджаюць, што імпарт прадукцыі з Расіі і Беларусі прыносіць велізарныя даходы ў бюджэты гэтых краін, што можа спрыяць умацаванню здольнасці Расіі працягваць вайну з Украінай. У праекце рэзалюцыі таксама гаворыцца, што гандаль з Расіяй і Беларуссю негатыўна ўплывае на адзіны рынак ЕС.

«Імпарт з гэтых краін уключае харчовую і сельскагаспадарчую прадукцыю, якую аграхарчовы сектар ЕС можа забяспечыць сам і пры значна больш высокіх стандартах вытворчасці і якасці», – гаворыцца ў дакуменце. Таксама адзначаецца, што Расія працягвае сваю стратэгію абыходжання з ежай як са зброяй.

Мы не можам дапусціць, каб дзесяткі грузавікоў ехалі ў ЕС з Расіі ці Беларусі», – сказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Міхал Каладзейчак (Michał Kołodziejczak).

Ён дадаў, што ў 2023 годзе ў ЕС патрапіла паўтара мільёна тон збожжавых.

Каладзейчак кажа, што польскія фермеры не адчуюць гэтых санкцый, бо не экспартуюць сваю прадукцыю ў Беларусь і Расію, бо з 2014 года Расія ўвяла эмбарга на імпарт аграхарчовай прадукцыі, а потым Беларусь закрыла свае межы. Аднак намеснік міністра дапусціў, што Расія можа прыняць меры ў адказ, бо цяпер значная частка ўгнаенняў паступае з Расіі.

«Імпартаваць харчовыя тавары з Расіі сёння недапушчальна, праблема ў тым, што Расія выпусціла вялікія абʼёмы збожжа, якое экспартуе ў Афрыку і забірае рынкі збыту ва Украіны і ЕС – у гэтым сутнасць праблемы», – заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Міхал Каладзейчак.

Паводле яго слоў, прапанаваная рэзалюцыя выразна дэманструе пазіцыю Польшчы ў адносінах да Еўракамісіі, якая павінна вырашыць, што мы закрываем сябе ад імпарту аграхарчовай прадукцыі з Беларусі і Расіі.

Эмбарга на прадукцыю з Расіі і Беларусі трэба ўводзіць адразу з пачаткам вайны, кажа  дэпутат ад «Права і справядлівасьці», былы міністар сельскай гаспадаркі Ян Кшыштаф Арданоўскі (Jan Krzysztof Ardanowski).

«Еўрасаюз мае лішкі харчавання, дзеліцца імі з усім светам, з тымі, хто мае патрэбу. А расійская прадукцыя, з якой папаўняюцца даходы расійскага бюджэту, што ідуць на вайну, абсалютна непатрэбная Еўропе. Гэта трэба было рэалізаваць даўно. На гэта павінна прэтэндаваць і папярэдняя ўлада. Але такога кшталту рэзалюцыі, якія  паказваюць, што Туск нібыта нешта робіць, а насамрэч адбівае мяч і трэба звяртацца да Еўрасаюза, несур’ёзныя. Гэта не тое, чаго чакалі фермеры», — сказаў былы міністр сельскай гаспадаркі.

Цікава, што рашэнне ўвесці санкцыі на сельгаспрадукцыю з Беларусі і Расіі зʼявілася пасля пратэстаў фермераў у Польшчы, а таксама пасля расследавання журналістаў выдання «Украінская праўда», якія зафіксавалі, як сотні фур цягам некалькіх гадзін праехалі з Беларусі праз беларуска-польскую мяжу на пераходзе «Кукурыкі».

Агулам у мінулым годзе ў Польшчу з Беларусі ў ўвезена тавараў на 450 млн долараў, з Расіі – на 2,6 млрд долараў, палову з якіх склаў імпарт паліва. Імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Расіі ў Польшчу дасягнуў 117 мільёнаў долараў і перавысіў узровень 2021 года, то бок узровень да поўнамаштабнай вайны. Падобная сітуацыя склалася і ў гандлі паміж Польшчай і Беларуссю – імпарт рос, у 2023-ім Польшча імпартавала з Беларусі сельгаспрадукцыі на 55 мільёнаў долараў.

PAP/IAR/вх