Авіякампанія LOT неўзабаве накіруе запыты на прапановы адносна «набыцця» 84 рэгіянальных самалётаў у кампаніі Embraer і Airbus, паведамілі ў Міністэрстве дзяржаўных актываў Польшчы.
Адзначаецца, што стратэгія польскага авіяперавозчыка прадугледжвае пакупку нават 110 самалётаў да 2028 года.
LOT вядзе дыялог з авіявытворцамі, паколькі авіякампанія павінна вырашыць: працягваць супрацоўніцтва з цяперашнім пастаўшчыком тэхнікі ў рэгіянальным сегменце кампаніяй Embraer ці перайсці на канкурэнтную – Airbus.
У тым ліку, у апошнюю пятніцу намеснік міністра дзяржаўных актываў Яцэк Бартміньскі (Jacek Bartmiński) сустракаўся з кіраўніцтвам абодвух вытворцаў.
«Пасля крызісу, выкліканага пандэміяй і вайной супраць Украіны, LOT аднаўляе свае пазіцыі на рынку і рэалізуе стратэгію далейшага развіцця і павелічэння маштабаў дзейнасці», – падкрэслілі ў міністэрстве.
У цяперашні час авіяпарк PLL LOT налічвае 75 самалётаў, з якіх больш за палову, гэта машыны Embraer, астатняя частка – гэта самалёты ў Boeing (B737 і B787).
Згодна з ранейшымі заявамі, у 2023 годзе польскія авіялініі LOT павінны былі перавезці 10 мільёнаў пасажыраў, а да 2028 года гэтая лічба павінна павялічыцца да амаль 17 мільёнаў чалавек.
Асноўным акцыянерам PLL LOT з'яўляецца Дзяржаўная казна, якой належыць больш за 69 працэнтаў акцый кампаніі. Другім акцыянерам (30,7 працэнтаў) зʼяўляецца Польская авіяцыйная група, якая цалкам належыць Дзяржаўнай казне.
PAP/аз