У апошнія гады значна вырас экспарт зброі з ЗША і Францыі, у сваю чаргу зменшыліся продажы прадукцыі расійскага ВПК. Такія дадзеныя вынікаюць з аналізу сусветнага зброевага рынку, праведзенага Стакгольмскім інстытутам даследавання праблем міру, паведамляе партал Defence24.pl.
У 2019-2023 гадах 55% вайсковай тэхнікі, імпартаванай у краіны Еўропы, паступала з ЗША. Для параўнання, у 2014-2018 гадах гэты паказчык складаў 35%. У той жа час на Еўропу ў цяперашні час прыходзіцца траціна сусветнага экспарту ўзбраенняў. Як адзначаюць эксперты інстытуту, асноўнымі прычынамі немалога імпарту са Злучаных Штатаў у Еўропу з'яўляюцца жаданне падтрымліваць цесныя трансатлантычныя адносіны, а таксама пытанні, звязаныя з коштам і якасцю амерыканскага ўзбраення.
Французскі экспарт зброі таксама расце – у параўнанні з 2014-2018 гадамі, ён павялічыўся на 47% у 2019-2023 гадах. Парыж упершыню стаў другім у свеце экспарцёрам зброі, заняўшы месца Расіі. Французы прадаюць зброю і тэхніку пераважна ў краіны Азіі і Акіяніі (34%) і на Блізкі Усход (34%). У апошнія гады самым буйным кліентам французскага ВПК стала Індыя (30% экспарту).
Калі гаварыць пра іншыя еўрапейскія краіны, то экспарт значна нарасціла Італія (+86%). Эксперты са Стакгольма зазначаюць, што ў некаторых іншых краін продаж за мяжу вырабаў ВПК упаў. Гэта датычыць Германіі (-14%), Вялікабрытаніі (-14%) і Іспаніі (-3,3%).
Лідарскія пазіцыі страціла Расія, экспарт зброі якой упаў ажно на 53% у параўнанні з 2014-2018 гадамі. Так, у 2019 годзе Масква пастаўляла сваю зброю ў 31 краіну, а ў 2023-м – толькі ў 12 дзяржаў.