Польская эканоміка не развіваецца за кошт крэдытаў, а суадносіны крэдытаў да ВУП пастаянна падаюць. Хоць, з аднаго боку, такая тэндэнцыя больш бяспечная як для пазычальнікаў, так і для сістэмы, то з другога – можа пагражаць дынаміцы эканамічнага росту, перасцерагае Rzeczpospolita.
Эксперты заўважаюць, што такая сітуацыя не назіралася ў Польшчы, як мінімум, цягам дзесяці апошніх гадоў. Кошт крэдытаў у адносінах да памеру ВУП у Польшчы ва ўсіх катэгорыях паніжаецца настолькі хутка, што ў 2023 годзе можна было наўпрост казаць пра абвал.
Найгоршая сітуацыя фіксуецца, калі гаворка ідзе пра крэдыты для хатніх гаспадарак. Напрыканцы мінулага года палякі былі запазычаныя прыкладна на 732 мільярды злотых, што складала 21,6 працэнта ВУП. Гэта на 4,2 працэнта менш, чым на канец 2022 года (25,8 працэнта ВУП). У апошняе дзесяцігоддзе пікам быў 2016 год, калі згаданы паказчык дасягнуў ажно 33,7 працэнта.
Паводле экспертаў, такія вялікія падзенні ў першую чаргу зʼяўляюцца вынікам абвалу іпатэчных крэдытаў. Хоць іх кошт вырас прыкладна на 8 мільярдаў, то бок да 455 мільярдаў злотых у 2023 годзе, але іх доля ў эканоміцы знізілася да 13,6 працэнта з больш чым 20 працэнтаў у 2016 годзе.
Rzeczpospolita падкрэслівае, што польскія паказчыкі таксама кепска выглядаюць у параўнанні з іншымі краінамі Еўрасаюза. Паводле дадзеных Асацыяцыі польскіх банкаў, з пункту гледжання запазычанасці хатніх гаспадарак Польшча знаходзімся на перадапошнім месцы з 16 прааналізаваных краін ЕС. На аналагічным з палякамі ўзроўні знаходзяцца крэдыты немцаў, грэкаў і ірландцаў.
Дзеля параўнання, напрыклад, у Францыі ці Іспаніі гэты паказчык дасягае прыкладна 85 працэнтаў, а ў Фінляндыі нават больш за 95 працэнтаў.
аз