Беларуская Служба

Чаму цэны на жыллё ў Польшчы растуць найхутчэй у Еўропе?

31.08.2024 14:22
Дзве траціны маладых людзей жывуць з бацькамі, таму што не могуць дазволіць сабе купіць або арандаваць жыллё
Жылы кварталShutterstock/TheHighestQualityImages

Аналіз сітуацыі зрабіў сайт Forsal.pl

Аўтар публікацыі Збігнеў Бартусь адзначае, што за паўтара года насельніцтва Польшчы зменшылася на чвэрць мільёна. Паводле дадзеных апошняга перапісу можна зрабіць выснову, што кожная пятая кватэра ў Варшаве і кожная сёмая кватэра ў Кракаве, Гданьску і іншых гарадах нежылыя. Нягледзячы на ​​гэта, цэны на жыллё растуць найхутчэй у Еўропе, і дзве траціны маладых людзей жывуць з бацькамі, таму што не могуць дазволіць сабе купіць або арандаваць жыллё.

Чаму, нягледзячы на ​​найвялікшы дэмаграфічны крызіс у гісторыі краіны, кватэры ў Польшчы даражэюць самымі хуткімі тэмпамі?

Збігнеў Бартусь сцвярджае, што цэны на кватэры - гэта вынік аўкцыёнаў.

Хто ўдзельнічае ў гэтым аўкцыёне? Дзве вялікія групы: людзі, якія шукаюць дах над галавой з аднаго боку і інвестары з другога.

У першай - маладыя людзі, якія жывуць з бацькамі, перасяленцы з вёсак і невялікіх гарадоў у мегаполісы (80 працэнтаў з іх - маладыя жанчыны). Таксама ў гэтай групе шмат пажылых людзей, якім ёсць дзе жыць, але яны хочуць жыць больш камфортна, і шукаюць новае жыллё.

У групе інвестараў эксперты вылучаюць дзве асноўныя групы: тых, хто купляе для арэнднага заробку і гэтак званыя фліперы. Першыя набываюць кватэры, каб здаваць іх у арэнду — у асноўным студэнтам і эканамічным мігрантам. Фліперы купляюць танна і пасля невялікага рамонту прадаюць кватэру намнога даражэй.

У апошнія гады ў Польшчы з'явілася яшчэ трэцяя група: інвестары, якія не маюць намеру здаваць кватэры, а набываюць іх (звычайна за наяўныя грошы) і захоўваюць як капіталаўкладанне, бо прыбытак ад кватэры можа дасягнуць 20% за год.
Эксперты будаўнічай сферы падлічылі, што для забеспячэння жыллёвых патрэбаў у Польшчы не хапае прыкладна мільёна новых кватэраў.

Паводле інфармацыі Forsal.pl, працэнт дарослых польскіх мужчын і жанчын, якія жывуць з бацькамі, складае сёння 67 працэнтаў. Сярэдні паказчык па ЕС - 49 працэнтаў, у Германіі - 31 працэнт, у Скандынавіі - ніжэй за 20 працэнтаў.

Даступнасць кватэр у Польшчы ўвесь час падае і амаль што самая нізкая ў гэтым стагоддзі: каб купіць кватэру плошчай 50 квадратных метраў у адным з сямі буйных гарадоў, трэба ўносіць растэрміноўку ў памеры 4500 злотых (больш за 1 тысячу еўра) у месяц на працягу 30 гадоў (з уласным укладам 10%). У выпадку, калі пара зарабляе па 80 працэнтаў сярэдняга заробку, растэрміноўка будзе з'ядаць амаль палову ўсяго чыстага прыбытку.

У Forsal.pl пішуць, што ў краіне частка экспертаў лічыць, што павінен існаваць прававы механізм, які эфектыўна ўмацуе пазіцыі на рынку тых, каму неабходна жыллё для ўласных патрэб. На жаль, у цяперашняй польскай рэчаіснасці гэтая частка грамадства прайграе з інвестарамі, якія могуць сабе дазволіць купіць некалькі, ці нават некалькі дзясяткаў кватэр дзеля прыбытку.

Такім чынам наганяецца рост цэн на кватэры ў Польшчы. Досвед іншых краін паказвае, што сам рынак гэтую праблему не вырашыць, піша Збігнеў Бартусь на сайце Forsal.pl

яс