Беларуская Служба

Сёлета ад засухі ў Польшчы пацярпелі трынаццаць ваяводстваў. Кампенсацыі фермерам аграмадныя

05.09.2024 13:40
Анамальная працяглая спёка, трапічныя ліўні, засуха. Як змены клімату ўплываюць на эканоміку Польшчы?
Z powodu suszy rolnicy mają poważne problemy z uprawami
Z powodu suszy rolnicy mają poważne problemy z uprawamikrstrbrt/Shutterstock

Гідролагі паведамляюць, што ў Польшчы цяпер назіраецца гістарычна нізкі ўзровень рэк. Прычына таму — працяглая засуха.

Напрыклад, у галоўнай кропцы вымярэнняў, на вышыні варшаўскіх бульвараў, Вісла мае глыбіню 30 сантыметраў і набліжаецца да рэкорду шасцігадовай даўніны — 26 сантыметраў. Паводле прагнозаў гідролагаў, гэтай адзнакі рака можа дасягнуць праз некалькі дзён. У Гусіне пад Варшавай Вісла мае глыбіню 8 сантыметраў.

Аналагічная трывожная сітуацыя ў Падкарпацці на рэках Букова і Віслока, у Лодзінскім ваяводстве, Ніжняй Сілезіі і на Падляшшы.

Інстытут метэаралогіі і воднай гаспадаркі выдаў чарговыя папярэджанні аб гідралагічнай сушы. Гэта вынік высокай тэмпературы на працягу двух тыдняў і адсутнасці ападкаў. Найбольш засушліва ва Усходняй Польшчы.

Гідролаг Інстытуту метэаралогіі і воднай гаспадаркі Дарыюш Віткоўскі гаворыць, што маловоддзе ў рэках зафіксавана на двухстах сарака станцыях з амаль сяміста.

«Гэта найбольшая колькасць станцый, дзе мы зафіксавалі ў гэтым годзе малаводдзе. Большасць такіх станцый знаходзіцца ва ўсходняй частцы краіны ў басейне Віслы,  там дэфіцыт ападкаў фіксуецца з мая. Але недахопу вады няма ў басейне Одры, асабліва ў вадазборы Варты», — сказаў Дарыюш Віткоўскі.

Гідролаг дадаў, што агулам ёсць сорак пяць гідралагічных папярэджанняў наконт засух ва Усходняй і Цэнтральнай Польшчы. Гідролагі адзначаюць, што ў бліжэйшыя тыдні павялічыцца праблема сушы, асабліва ва ўсходняй Польшчы, колькасць ападкаў у верасні будзе нізкай, і амаль палове гмін Падляшскага ваяводства пагражае сельскагаспадарчая засуха.

Падляшскае ваяводства, акрамя Мазавецкага, найбольш сёлета адчула ўплыў клімату на сельскую гаспадарку. Праз вышэйшую на 1-2 градусы тэмпературу ў параўнанні з мінулымі гадамі і меншую колькасць ападкаў. У сувязі з гэтым Дзяржаўны біялагічны інстытут на верасень прагназуе на тэрыторыі Падляшскага ваяводства гідралагічную пагрозу, якая выкліканая нізкім узроўнем падземных вод. І гэта можа азначаць недабор вады з паверхневых водазабораў. І ўжо цяпер ёсць прагнозы, што сёлетні ўраджай можа быць ажно на 20 працэнтаў ніжэйшым у параўнанні з мінулым годам. У Падляшскім ваяводстве гэтая праблема ёсць на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду, то бок ад сакавіка. Засуха далася ў знакі на палове плошчаў пасеваў яравых і азімых збожжавых, клубніц, рапсу, пладовых культур.  Цягам астатніх трох месяцаў кепская сітуацыя датычыць важнай культуры кукурузы — засуха пашкодзіла траціну пасеваў.
 
Доктар Анэта Пэжаноўска ( A. Perzanowska) з Інстытуту сельскай гаспадаркі Варшаўскага ўніверсітэту кажа, што нас чакае цяжкі год для прыроды. Вясна сёлета наступіла на два тыдні раней. Такім чынам, вегетацыя раслін пачалася значна раней. Таму гарадскія паркі шмат дзе ўжо ў пачатку жніўня выглядалі па-восеньску. Шматгадовыя даследаванні і назіранні, як падкрэслівае доктар Пэжаноўска, паказваюць, што поры года цяпер зрушваюцца ў календары. Расліны таксама рэагуюць на гэта і з'яўляюцца лепшымі індыкатарамі змяненняў, якія адбываюцца ў прыродзе, і дапаўняюць метэаралагічныя дадзеныя.

—  2024 год спецыфічны, гэтая вясна і вегетацыйны перыяд у цэлым суправаджаліся вельмі высокай тэмпературай і часта дэфіцытам ападкаў. І рэакцыя жывых арганізмаў, асабліва раслін, такая, што яны паскараюць вегетацыю, лісце жаўцее і ападае, — тлумачыць навуковец заўважныя змены ў прыродзе.

Больш ранняя вегетацыя меданосных раслін уплывае на насякомых-апыляльнікаў і, адпаведна, на ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур і вытворчасць мёду. Напрыклад, сёлета ліпы, якія павінны былі зацвісці ў ліпені, адсюль і назва месяца, адцвілі ўжо ў чэрвені.

Кампенсацыі фермерам з-за кліматычных бедстваў — палова мільярда злотых

Згаданыя кліматычныя змены нясуць страты для эканомікі краіны. У бюджэце наступнага года ўжо запланаваныя выплаты фермерам, чые гаспадаркі пацярпелі ад засухі.
Міністр сельскай гаспадаркі Чэслаў Секерскі (Czesław Siekierski) паведаміў, што ўвосень пацярпелым ад красавіцкіх маразоў будзе выплачана прыкладна 0,5 мільярда злотых. Найперш  фінансавую дапамогу атрымаюць аграрыі, пладовыя насаджэнні (сады) якіх пацярпелі ў выніку вясновых замаразкаў і граду.

«На гэтыя мэты мы атрымалі ад Еўракамісіі 37 млн ​​еўра. У той жа час мы атрымалі згоду дапоўніць гэтую падтрымку ЕС да 200 працэнтаў з рэспубліканскага бюджэту, і мы скарыстаемся гэтай магчымасцю», — сказаў Чэслаў Секерскі.

Ён дадаў, што агульная сума дапамогі складзе прыкладна паўмільярда злотых, і яна будзе пералічана на рахункі фермераў восенню гэтага года. Гэтая дапамога пойдзе пацярпелым фермерам з усёй Польшчы і будзе выплачана ў рамках выдаткаў з дзяржаўнага бюджэту на 2025 год.

Як паведаміў у панядзелак Інстытут раслінаводства і глебазнаўства (Instytut Uprawy Nawożenia i Gleboznawstwa Państwowy Instytut Badawczy - IUNG) у Пулавах, сельскагаспадарчая засуха сёлета ў трынаццаці ваяводствах з шаснаццац. Ад засухі пацярпелі наступныя культуры: кукуруза на сілас, кукуруза на зерне, сады, зернебабовыя, бульба, гародніна, тытунь, хмель і цукровыя буракі.

IAR/PAP/вх