У чацвёртым квартале мінулага года ў большасці буйных гарадоў у Польшчы цэны на другасным рынку кватэраў знізіліся ў параўнанні з трэцім кварталам, пра гэта сведчыць апошні даклад Barometr Metrohouse і Credipass. Кан'юнктура рынку прымушае прадаўцоў паніжаць цану.
Калі гаворка ідзе пра параўнанне з чацвёртым кварталам 2023 года, то найбольшы спад цэнаў быў зафіксаваны ў Гданьску - 6,3 працэнта. У Варшаве - гэта было 3,2 працэнта, у Кракаве - 2,2 працэнта, а ў Вроцлаве - 0,8 працэнта. У Лодзі за гэты час кошты выраслі на 1,6 працэнта.
Зусім іншая сітуацыя на першасным рынку кватэраў. У Варшаве цэны знізіліся на 1,2 працэнта, у Лодзі - на 0,5 працэнта. У сваю чаргу ў Гданьску яны павялічыліся - на 3,6 працэнта, Кракаве - на 0,8 працэнта, у Вроцлаве - на 0,5 працэнта і Познані - на 0,2 працэнта.
Эксперты звяртаюць увагу на значныя ваганні, якія назіраліся ў апошнім квартале мінулага года на рынку іпатэчных крэдытаў у Польшчы. На пачатку кварталу працэнтныя стаўкі па іпатэчных крэдытах складалі 6,6-6,7 працэнта (пры 20-працэнтным уласным укладзе), а напрыканцы - нават на 1,5 працэнта больш.
Акрамя таго, у асобных банках назіралася нарастаючая дыспрапорцыя ў разліку крэдытаздольнасці. Для аднаго кліента ў двух крайніх банкаўскіх разліках гэтая розніца дасягала амаль 400 тысяч злотых (больш за 94,5 тысячы еўра).
Апошнія дадзеныя BIG DATA RynekPierwotny.pl адносна шасці найбуйнейшых гарадоў Польшчы сведчаць пра тое, што напрыканцы мінулага года Варшава страціла пазіцыю лідара па долі самых дарагіх кватэраў, прададзеных забудоўшчыкамі. Сталіцу апярэдзіў Гданьск, дзе за амаль кожную чацвёртую новую кватэру, трэба было заплаціць больш за 20 000 злотых (амаль 5 тысяч еўра) за квадратны метр.
PAP/аз