Прадпрымальнікі чакаюць пакету рашэнняў па дэрэгуляцыі, гэта значыць, спрашчэнню правілаў эканамічнай дзейнасці, які ў лютым анансаваў прэм'ер-міністр Д.Туск.
Урадавая камісія прыняла больш за 100 прапановаў ініцыятывы «Мы правяраем» (SprawdzaMy), якой кіруе бізнесмен і стваральнік сеткі пасылак InPost Рафал Бжоска (Rafał Brzoska).
Сярод прадстаўленых ідэй ёсць абмежаванне падатковых праверак адным годам, увядзенне дванаццацімесячнага пераходнага перыяду для новых правіл. Згодна з іншымі прапановамі, банкі і офісы не павінны патрабаваць ад грамадзян звесткі, якія ўтрымліваюцца ў дзяржаўных рэестрах, а школы павінны быць вызваленыя ад абавязку штомесяц падаваць заявы на фінансаванне абедаў для вучняў.
Аб'ём першага пакета будзе абвешчаны на канферэнцыі прэм'ер-міністра Дональда Туска. Дагэтуль урад адхіліў каля 20% прапаноў па прычыне пагрозы бяспецы дзяржаўных фінансаў або дзяржавы.
Тым часам Рафал Бжоска, якога прэм’ер-міністар Туск у лютым гэтага года запрасіў узначаліць групу па дэрэгуляцыі, паведаміў, што ягоная роля ў гэтым калектыве завяршаецца пры канцы траўня. Ён дадаў, што за 100 дзён грамадскай працы ў створанай ім ініцыятыве «Мы правяраем» кампанія InPost не пацярпела, але, як ён адзначыў, «у доўгатэрміновай перспектыве ніводная кампанія не можа развівацца без лідара».
Рафал Бжоска - буйны польскі бізнесмен, які заснаваў сетку пасылак InPost.
На яго думку, польскія правілы больш спрыяльныя для замежных карпарацый, чым для айчынных прадпрыемстваў. Ён лічыць, што «рэгламенты Бруселя абмяжоўваюць польскую канкурэнтаздольнасць». У якасці прыкладу ён прывёў механізм трансфертнага цэнаўтварэння, які дазваляе замежным карпарацыям пераводзіць частку сваіх прыбыткаў за мяжу, што прыводзіць да зніжэння падатковай базы ў Польшчы.
На думку бізнесмена, самы вялікі «прававы монстр», які перашкаджае працы прадпрымальнікаў і простых падаткаплацельшчыкаў, — гэта адсутнасць прэзумпцыі невінаватасці падаткаплатнікаў у сутыкненні з дзяржаўнай апаратам.
«Звярніце ўвагу, што паводле крымінальнага кодэксу, кожны злачынца, нават калі ён заб’е ці згвалціць, пракурор павінен даказаць, што зламыснік здзейсніў забароненае дзеянне. Падаткаплатнік жа павінен даказаць, што ён невінаваты, што дапушчаная ім памылка не была наўмыснай», — звярнуў увагу кіраўнік InPost.
Больш за тое, паводле слоў Рафала Бжоскі, прадпрымальнікі і простыя грамадзяне балюча адчуваюць, што дзяржаўныя органы не выконваюць сваіх абавязкаў. Напрыклад, не прытрымліваюцца тэрмінаў разгляду спраў, што істотна абцяжарвае дзейнасць кампаній.
У інтэрв'ю Польскаму агенцтву друку прадпрымальнік таксама выказаў шкадаванне з нагоды заняпаду працоўнай этыкі ў Еўрасаюзе. «Калі мы хочам быць Еўропай, і хочам быць паспяховымі, мы павінны класці націск на працавітасць, інавацыі і новыя выклікі», — падкрэсліў ён.
Каманда хоча прадставіць у агульнай складанасці каля 400 прапаноў па спрашчэнні польскіх заканадаўчых норм.
IAR/яс