Беларуская Служба

Канклаў. Рашэнне, якое паўплывае на лёс больш як мільярда вернікаў

27.04.2025 07:02
Пасля смерці папы Францішка погляд усяго каталіцкага свету звернуты да Рыма, дзе неўзабаве пачнецца канклаў.
Аўдыё
  • Канклаў. Рашэнне, якое паўплывае на лёс больш як мільярда вернікаў
Giełda nazwisk w kontekście wyboru nowego papieża
Giełda nazwisk w kontekście wyboru nowego papieżaFrancisco Seco/Associated Press/East News

Гэта адно з самых закрытых і таямнічых мерапрыемстваў Каталіцкага касцёла, падчас якога кардыналы выбіраюць новага біскупа Рыма. Гэтае рашэнне паўплывае на лёс больш як мільярда вернікаў.

Згодна з дзеючым кананічным правам, канклаў павінен пачацца паміж 15-м і 20-м днямі пасля смерці Папы — у дадзеным выпадку паміж 5-м і 10-м мая. Кардыналы ўжо прыбылі ў Вечны горад. Яны кожны дзень сустракаюцца на так званых агульных кангрэгацыях, дзе абмяркоўваюць стан Касцёла і выклікі, якія стаяць перад яго будучым кіраўніком.

Прэс-сакратар Варшаўскай архідыяцэзіі і аўтар кнігі «Канклаў – таямніцы папскіх выбараў» ксёндз Пшэмыслаў Слівіньскі адзначае:

— Яны ўсё больш заклапочаныя падрыхтоўкай да канклаву... тады пачнуцца перамовы... ацэнкі стану Касцёла. Якія сацыяльныя выклікі, а затым і геапалітычныя, у розных частках свету, чакаюць новага папу.

Канклаў пройдзе ў Сікстынскай капэле, месцы велізарнай духоўнай і гістарычнай значнасці. Кардыналы даюць прысягу маўчання, а любое абмеркаванне выбараў па-за сценамі капліцы строга забаронена. Ключавы момант выбару адбываецца пад фрэскай Мікеланджэла «Страшны суд».

— Кожны з іх паасобку, несучы картку, на якой піша імя, падыходзіць да карціны Мікеланджэла «Страшны суд» і, нібы гледзячы на гэты апошні суд, пад прысягай галасуе за таго, хто, на іх думку, павінен быць абраны. Так па чалавечы, такі выбар з'яўляецца найбольш правільным. Каб выбраць згодна з сумленнем, і нават больш, каб шукаць у гэтым волю Бога, — кажа ксёндз Слівінскі.

Гэта момант моцнай засяроджанасці, малітвы і, як лічыцца, распазнання Божай волі.
Каб выбары былі прызнаныя сапраўднымі, кандыдат павінен набраць дзве траціны галасоў. Калі гэтага не адбываецца, галасаванне паўтараецца, а яго вынікі сімвалізуюць дым, які падымаецца з трубы Сікстынскай капэлы: чорны азначае адсутнасць рашэння, белы азначае абранне новага папы.

Сёлетні канклаў таксама будзе мець польскі акцэнт — у ім возьмуць удзел чатыры польскія кардыналы: Станіслаў Рылка, Казімеж Ныч, Конрад Краеўскі і Гжэгаж Рысь.

Цікавым аспектам сёлетняга канклава з'яўляецца яго геаграфічная і культурная разнастайнасць. Папа Францішак значна пашырыў Калегію кардыналаў, прызначыўшы многіх іерархаў з раней маргіналізаваных краін, гаворыць дэкан тэалагічнага факультэта Сілезскага ўніверсітэта, прафесар кс. Яцэк Кэмпа:

—  Гэты выбар таксама патрабуе глыбокага разважання і малітвы, вялікага кансэнсусу калегіі... Трэба памятаць, што калегія кардыналаў вельмі разнастайная. Гэта прадстаўнікі з цэлага свету. Папа Францішак таксама прызначыў многіх кардыналаў з касцёлаў, на якіх да гэтага часу не спынялася ўвага грамадскасці. Гэта была «перэферыя», на якую папа Францішак звяртаў увагу.

Эксперт падкрэслівае, што кардыналы ўсведамляюць важнасць гэтага моманту і прымуць рашэнне з поўнай адказнасцю. Аднак абранне новага папы можа не быць простым.

—  Гэты выбар будзе нялёгкім, таму што тут няма лідара... Ёсць група з прыкладна пятнаццаці вельмі разумных кардыналаў, але няма 2-3 імёнаў, якія б адназначна вылучаліся, — кажа галоўны рэдактар Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва Марцін Пшэцішэўскі.

Гісторыя канклава сягае каранямі ў XIII стагоддзе. Само слова паходзіць ад лацінскага «cum clave» і азначае «пад замком». Менавіта для таго, каб паскорыць рашэнне аб абранні Папы, у 1274 г., падчас Другога Ліёнскага сабору, быў уведзены прынцып заключэння кардыналаў у адзіночную камеру. Гэта адбылося пасля амаль трох гадоў, калі не было галавы Каталіцкага касцёла, бо пасля смерці папы Клімента IV не ўдалося хутка абраць яго пераемніка. Менавіта гэтая падзея дала пачатак сучаснаму канклаву – закрытаму, сакрэтнаму і арганізаванаму па строга вызначаных правілах.

Сёння канклаў з’яўляецца не толькі рэлігійнай падзеяй, але і знакам еднасці Касцёла перад абліччам новых сацыяльных, палітычных і духоўных выклікаў. Абранне наступніка Папы Францішка можа вызначыць новыя накірункі для каталіцкай супольнасці ва ўсім свеце – у духу пераемнасці, але таксама неабходнага абнаўлення.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры